BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алесь Чайчыц: Гэта ўзнагароды менавіта беларускага грамадства

Медаль Ларысы Геніюш (для праваабаронцаў і выбітных палітвязняў), Медаль Францыска Скарыны (за культурніцкія заслугі), Крыж Добрасуседства (за развіццё міжнародных сувязяў) — і гэта далёка не ўсе ўзнагароды, якія зараз уручаюцца ў замежжы. Надалей ідзе праца па запуску і развіцці сістэмы ўзнагародаў беларускага дэмакратычнага руху пры падтрыцы Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінету, – распавёў наш сённяшні Госць Рацыі, блогер, актывіст, сябра ўправы Нямецка-беларускага таварыства Алесь Чайчыц.

РР: Распавядзіце, на якім этапе зараз праца па запуску і развіцці сістэмы ўзнагародаў беларускага дэмакратычнага руху, а таксама што гэта за ўзнагароды?

Алесь Чайчыц: Ёсць важная грамадская функцыя, ёсць важны грамадскі інстытут, скажам так, узнагародаў. Звычайна гэта дзяржаўныя ўзнагароды, якія дзяржава ўручае, якімі дзяржава адзначае нейкіх асобаў, якія маюць пэўныя заслугі ў той ці іншай сферы перад грамадствам, перад краінай. Беларуская дзяржава, узурпаваная цяперашнім аўтарытарным рэжымам і, адпаведна, дзяржаўныя ўзнагароды, якія гэты рэжым уручае, яны дыскрэдытаваныя самі па сабе. І яны ўручаюцца не за аб’ектыўныя заслугі перад Беларуссю, а за заслугі перад гэтым аўтарытарным рэжымам. І таму існуе такі грамадскі праект, мэта якога менавіта ў тым, каб беларускае грамадства, беларускі народ, у гэтага аўтарытарнага рэжыму гэтую функцыю адабралі. Такім чынам, распрацаваны некалькі ўзнагародаў, якія цягам пэўнага часу ўручаюцца АПК, Святланай Ціханоўскай, але гэта не проста ўзнагароды Ціханоўскай ці АПК, гэта ўзнагароды менавіта беларускага грамадства, агульнанацыянальныя. Такая ідэя за гэтымі ўзнагародамі стаіць. Праца ідзе. Быў распрацаваны дызайн гэтых узнагародаў, вельмі прафесійнай камандай мастакоў, геральдыстаў, гісторыкаў. Былі распрацаваныя статуты гэтых узнагародаў, таксама на вельмі прафесійным роўні. Яны былі зацверджаны на роўні АПК, і таму гэтая сістэма функцыянуе. І зараз час ад часу ў СМІ можаце бачыць паведамленні пра тое, што ўзнагароды ўручаюцца.

РР: Распавядзіце пра самыя важныя ўзнагароды, якія зараз існуюць ці над якімі вядзецца праца.

Алесь Чайчыц: Вось, напрыклад, ёсць “Медаль Ларысы Геніюш”. Ён уручаецца людзям, якія праявілі сябе на ніве змагання за правы чалавека ў Беларусі, або якія сваім гераізмам будучы палітвязнямі прадэманстравалі нязломны дух. І гэты медаль поўнасцю называецца “Медаль Няскораных Ларысы Геніюш”. Гэтым медалём адзначаюцца найбольш выбітныя палітвязні і праваабаронцы. І гэта такі медаль, які ніколі не мог бы быць уручаны рэжымам Лукашэнкі. І грамадства бярэ на сябе гэтую функцыю ў асобе Нацыянальнай камісіі па ўзнагародах, якая складае спісы кандыдатаў на ўзнагароджанне і другой часткай гэтай сістэмы з’яўляецца АПК, які на сваім роўні зацвярджае, і Святлана Ціханоўска, як абраны прэзідэнт Беларусі, чалавек, які мае ўнікальны мандат ад беларускага грамадства, яна сваім рашэннем зацвярджае гэтых кандыдатаў.   

Алесь Чайчыц дадаў, што ў межах адмысловай працоўнай групы, якая складаецца з вядомых грамадскіх дзеячоў, вядзецца ўдасканаленне статутаў, разгляд новых кандыдатаў на ўзнагароды.

Цалкам гутарака:

Беларускае Радыё Рацыя