BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алесь Юруць: Я па-ранейшаму зараджаны свабодай

Сенняшні Госць Рацыі — былы палітвязень Алесь Юруць. Ён правёў за кратамі два гады і цяпер распавядае пра тое, як змяняецца жыццё чалавека і погляды пасля зняволення.

Фота з уласнага архіва Алеся Юруця

РР: Нагадайце, калі Вас вызвалілі? Ці дае пра сябе ведаць зняволенне і той досвед, які давялося перажыць?

Алесь Юруць: Я як быў зараджаны свабодай, так я і застаўся зараджаны свабодай. Толькі шкада тых двух гадоў, на якія мяне пазбавілі волі. Гэтае ўтрыманне на мяне ніяк не паўплывала. Я працягваю навучацца, займаюся самаадукацыяй. Я апынуўся ў другой краіне, і згодна з законамі гэтай краіны, я мяняю дакументы, вучуся, праходжу курсы. То бок, інтэгруюся ў новае грамадства. І для мяне гэта не цяжка.

РР: Ці сустрэлі Вы падтрымку, дапамогу? Па вашым меркаванні, ці наладжана ў замежжы нейкая сістэма падтрымкі былых зняволеных?

Алесь Юруць: Так, сістэма падтрымкі ёсць. Самае першае, гэта калі ты трапляеш у другую краіну, табе дапамагаюць кватэру зняць і каб на першы час грошы былі. Па-другое, я скарыстаўся праграмай дапамогі людзям па праходжанні прафесійных курсаў.  

РР: То бок, Вы вырашылі заняцца адукацыяй і неяк змяніць прафесію пасля эміграцыі?

Алесь Юруць: Не, прафесія ў мяне такая ж, як была ў Беларусі, а для гэтай прафесіі, каб працаваць у замежжы, трэба цалкам усе дакументы змяніць. І вось на наступным тыдні ў мяне будзе канчатковы іспыт і я зноў буду ў сваёй прафесіі, але прабел цягам трох гадоў. Да затрымання я працаваў кіроўцам-дальнабойнікам, і каб тут працаваць, мне патрэбна было правы замяніць, чып-картку новую зрабіць, код 95 адвучыцца, зараз я вучуся на небяспечныя грузы, як станоўча здам, у мяне будзе тая ж кваліфікацыя, якая была да затрымання.

Фота з уласнага архіва Алеся Юруця

РР: Вы прыехалі ў Літву і адразу пачалі займацца гэтымі справамі ці ўсё ж такі спатрэбіўся час, каб прыйсці ў сябе, зразумець, асэнсаваць сітуацыю? Бо Вы так энергічна і зараджана расказваеце, цікава, як хутка Вы прыйшлі да гэтага стану?

Алесь Юруць: Па літоўскіх законах, калі ты на ўцякацтва падаешся на неабмежаваны тэрмін, ты чакаеш адказу. На гэты тэрмін ты не маеш права ніякімі бюракратычнымі і юрыдычнымі маніпуляцыямі займацца, кшталту тваіх дакументаў.  Таму падпрацоўваў дзесьці, пасля таго як атрымаў станоўчы адказ пра ўцякацтва, усё, я зразумеў, што трэба далей рухацца, вучыцца. З правамі пачаў разбірацца, з першай спробы ўсё паздаваў. Як бы цяжка гэта не было, я пацвердзіў, што я – прафесіянал. Але расходаў шмат, таму гэта ўсё павольна рабілася. Таму што, напрыклад, на адзін іспыт трэба і грошы, і час і так далей. Я здаў, потым рабіў невялічкую паўзу, каб трошкі грошай назбіраць на наступны іспыт. Я атрымаў уцякацтва ў сакавіку і вось за паўгода я вяртаю ўсе свае навыкі.

РР: Вы ўзгадалі, што скарысталіся адукацыйнай еўрапейскай праграмай. А ці бачылі Вы магчымасць дапамогі ад беларускіх ініцыятыў?

Алесь Юруць: Арганізацыя, якая мне дапамагла, – гэта была арганізацыя “Дапамога”, Калегава Наталля Іванаўна. Яны мне далі прытулак, гэта Беларускі дом, “Замак” называецца. Дзякуй ім! Але праз пэўны час я ўжо стаў на ногі і зразумеў, што іншым людзям патрэбны прытулак, таму я сам зняў кватэру.

Алесь зараз жыве ў Літве, але не губляе надзеі вярнуцца дадому, ў Беларусь.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя