
20 лютага гадавіна смерці Ігара Ледніка. Гэта трагічная дата, якая нагадвае пра жорсткія рэаліі палітычных рэпрэсій у Беларусі. Ігар Леднік, праваабаронца і актывіст, памёр у турме 20 лютага 2024 года. У турму трапіў у цяжкім стане здароўя, з 2 групай інваліднасці. Больш пра Ігара Ледніка мы пагаворым з госцем Беларускага Радыё Рацыя, сябрам Ігара Ледніка, былым прадпрымальнікам і былым ваяром палка Каліноўскага Алесем Макаевым:
РР: Як вы пасябравалі з Ігарам Леднікам?
— У далёкім 2005-м годзе, калі я далучыўся да прадпрымальніцкага руху, Ігар быў на офісе «Перспектывы», браў удзел у акцыях пратэсту. Я тады з ім пазнаёміўся, і мы пасябравалі на ўсё жыццё.
РР: Вы ўжо з’ехалі з Беларусі, калі ён трапіў за краты?
— Так, я з’ехаў у 2016 годзе, а за краты ён трапіў ужо пасля 2020-га. Тры гады далі калоніі. Судзіла яго суддзя Таццяна Шоцік.
РР: Вы стасаваліся з ім да гэтага часу? Ці, можа, сувязь аслабела пасля вашага ад’езду?
— Так, мы праз інтэрнэт ліставаліся, віншавалі адзін аднаго. Асабліва перад поўнамаштабным уварваннем. Ён тады працаваў па праграме «Усходняе партнёрства». Ігар быў, без перабольшання, найлепшым экспертам у Беларусі па Будапешцкім мемарандуме.
РР: Чаму яго цікавіў Будапешцкі мемарандум?
— Будапешцкі мемарандум — гэта гарантыя суверэнітэту ад найбольшых дзяржаваў: Вялікабрытаніі, ЗША, Расейскай Федэрацыі, а таксама Казахстану, Беларусі і Украіны ў межах іх тэрытарыяльнай недатыкальнасці. Ігар бачыў парушэнне гэтых абавязкаў, асабліва пасля падзей 2014 года, калі Пуцін акупаваў Крым і частку Данецкай вобласці. То бок, гаранты не выканалі сваіх абавязкаў: Расея іх парушыла, а ЗША і Вялікабрытанія проста маўчалі.
РР: Але ж Беларусь была ў сяброўстве з Расеяй, і тады не было небяспекі. Чаму ён так засяродзіўся на Будапешцкім мемарандуме? Для чаго? З якой мэтай?
— Банда Лукашэнкі, што пануе на Беларусі ад 95 году, як і рэжым Пуціна, гвалт над людзьмі, злачынныя рэжымы. А Ігар бачыў праграму ўсходняга партнёрства, што працавала Беларусь-Украіна-Грузія. Яны далучаныя да праграмы, а Ігар разглядаў праграму як аснову для развіцця дэмакратычнай Беларусі. І за гэта яго фактычна і асудзілі. У «Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі» выйшаў яго артыкул пра Будапешцкі мемарандум, дзе ён сцвярджаў, што паводле гэтага дакумента Беларусь мае быць незалежнай. Улады палічылі гэта абразай Лукашэнкі.
Яго афіцыйна судзілі нават па гэтай справе, але тады ўжо не да законаў было. Ігар лічыў, што гэта палітычны працэс, адмаўляўся з’ехаць, ведаючы, што яго арыштуюць. Ён быў пэўны, што справа набудзе шырокі рэзананс і што мае прававыя доказы сваёй невінаватасці — што ўсе яго выказванні адпавядаюць і беларускім законам, і міжнароднаму праву. Ён думаў, што справу можна будзе перамагчы.
Але суд над Ігарам Леднікам быў закрытым, і грамадства амаль не даведалася пра ягоны працэс. Ён быў чалавекам з інваліднасцю другой групы, меў сур’ёзныя праблемы з сэрцам і іншымі ўнутранымі органамі. Паводле беларускага заканадаўства, з такім станам здароўя яго не мелі змяшчаць у турму. Пагатоў, нават у Беларусі існуюць нормы, згодна з якімі пенсіянеры і цяжкахворыя людзі не павінны сядзець у зняволенні.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Смерць Ігара Ледніка выклікала асуджэнне як у Беларусі, так і за мяжой. Праваабарончыя арганізацыі заклікалі да расследавання абставін яго смерці і смерці іншых палітвязняў і адказнасці вінаватых.
Беларускае Радыё Рацыя






