У Беларусі з 1 кастрычніка 2024 года фізічныя асобы не змогуць зарэгістравацца ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў дзеля ажыццяўлення юрыдычных паслугаў, а з 2026 года страцяць такую магчымасць і дзейныя прадпрымальнікі.

Адпаведнае рашэнне прынята на заканадаўчым роўні і, па словах кіраўніка юрыдычнай фірмы Legal Statusадваката Алеся Міхалевіча, цалкам прадказальнае:
– Дзяржава паставіла пад кантроль юрыдычную супольнасць, пакінуўшы толькі адну карпарацыю – адвакатаў. Гэта тых людзей, якія цалкам кантралююцца дзяржавай, дзе дзяржава прымае рашэнні ці прымаць у гэтую супольнасць, ці не прымаць. Выганяе ўсіх, хто хоць неяк праяўляе мінімальнае самавольства і пагаджаецца бараніць “непатрэбных” людзей, напрыклад, палітычных зняволеных.
На думку эксперта, выключэнне юрыдычных паслугаў з пераліку відаў дзейнасці, даступных для індывідуальных прадпрымальнікаў, шмат у чым ускладніць сітуацыю ў гэтым сегменце:
-Такія меры звычайна вядуць да падаражання паслугаў, да таго, што паслугі становяцца недаступныя для большасці грамадзян. І частка гэтага бізнесу сыдзе ў “шэрую зону” – гэта значыць, афіцыйна не будзе рэкламавацца і паказваць, што яны гэта робяць. Хаця шмат хто з юрыстаў, я ўпэўнены, будзе далей працягваць гэта рабіць неафіцыйна.
З пачатку 2023 года, пасля патрабаванняў аб абавязковым атрыманні ліцэнзій, колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць права ажыццяўляць юрыдычныя паслугі, у Беларусі зменшылася амаль ў 10 разоў: з 1260 да 140.
Беларускае Радыё Рацыя






