У адной краіне ўладу захапіў злы і падступны манарх. Спачатку ён пасадзіў у турму ўсіх, хто чыніў яму супраціў. Тыя, каго ён злавіць не змог, уцяклі з гэтых змрочных зямель – у караля вялікае войска салдат, гатовых катаваць і караць смерцю любога, каго загадаюць. Потым кароль забараніў праўдзівыя навіны — тых, хто іх чытаў ці слухаў, зноў саджалі — месца ў каралеўскіх казематах хапала.

Потым кароль загадаў пабудаваць муры вакол сваёй краіны: каб суседзі не бачылі, як там катуюць людзей. І каб свой народ не надта зазіраўся на тое, як добра жывецца побач.
Народ, які застаўся ў краіне, кароль трымаў у страху. Паўсюль былі яго шпігуны і даносчыкі — адкрыта гутарыць паміж сабой людзі не баяліся толькі дома, на кухнях. А на працы, на вуліцах і ў парках, дзе людна, лепш было выказваць любоў і пашану каралю. Можна было і проста маўчаць, але нават маўчанне ў некаторых выклікала сумневы.
А потым гэты манарх аб’явіў выбары. Ён правёў іх у сябе ў замку, і народ нават мог прыйсці і прагаласаваць. Але толькі не было з каго выбіраць, для пацехі ў кандыдаты падаліся хіба што некалькі прыдворных шутоў. Ну і як лічыліся галасы, ды і ці лічыліся наогул – ніхто не ведае. Урны панеслі ў падвал замку, а што там было з імі далей – таямніца. На наступны дзень манарх абвясціў, што абраны большасцю народа і будзе кіраваць вечна. І заадно загадаў павысіць падаткі.
Аб якой краіне гэтая казка і хто ў ёй кароль — пэўна зразумелі ўсё. І мусіць нават хтосьці вырашыў, што я перабольшваю. Але калі ўсё тое, што адбываецца ў роднай Беларусі, скараціць да сэнсу, прыбраўшы дэталі і нюансы, дык сапраўды атрымаецца прыкладна такі сюжэт.
Беларускае Радыё Рацыя






