Нядаўна самалёт Белавія, які ляцеў з Менска ў Кутаісі, здзейсніў экстранную пасадку ў Астрахані. Як высветлілася, з-за адмовы рухавіка.
Тое, што здарылася, — гэта проста жывая і жахлівая ілюстрацыя таго, як нібыта “не працуюць” санкцыі. Белавія страціла магчымасць абслугоўваць свае самалёты, не можа купляць у лізінг новыя, і вось яны – першыя вынікі.
Узгадаем, чаму ўвогуле так атрымалася. Бо беларускія сілавікі пасадзілі ў Менску самалёт з Пратасевічам.
Людзі пазбавіліся магчымасці лятаць у Еўропу, а краіна – перспектывы супрацоўніцтва з заходнімі авіякампаніямі: затое затрымалі экс-рэдактара пратэстнага канала.
Пасажыры зараз лётаюць у той жа Кутаісі па пяць, а то і сем гадзін замест двух з паловай. Не важна, за тое напалоханы мужчына сярэдніх гадоў у прэзідэнцкім крэсле асабіста адпомсціў “Нехце”.
У рэшце рэшт кожны палёт “Белавіі” становіцца ўсё больш рызыкоўным таму, што самалёт можа проста ўпасці. Але гэта не важна, затое людзі са спецслужбаў атрымалі пазачарговыя зорачкі на пагоны за бліскуча выкананую аперацыю.
А зручнасць для людзей, а бяспека ўласнага народа? Не, пра гэта тады ніхто не думаў. У прыярытэтах не было, як няма, дарэчы, і зараз.
Беларускае Радыё Рацыя