У Гомлі хутка з’явіцца самая дарагая паркоўка ў Беларусі. А можа, нават і ў свеце. Хаця тут сцвярджаць не бяруся. Яна не будзе нейкай звыш-тэхналагічнай, супер-сучаснай ці неверагодна функцыянальнай. Паркінг нават не будзе крытым. Звычайная стаянка на 20 машын амаль за мільён долараў.

Як жа гэта атрымалася? На сітуацыю звярнулі ўвагу журналісты мясцовага выдання “Флагшток”. Справа ў тым, што калісьці даўным-даўно на вуліцы Фядзюнінскага ў Гомлі за грошы Нямеччыны пачалі будаваць корпус абласной інфекцыйнай лякарні. Засвоілі, што называецца, больш за палову выдзеленых грошай, але дабудаваць не змаглі. І вось у закансерваваным выглядзе будынак стаяў каля 30 гадоў. “Крэпкія хазяйственнікі” збіраліся то перапрафіляваць яго, то ўсё ж дабудаваць лякарню, але так нічога ў іх з гэтага не выйшла. Вырашылі зносіць. І вось знос чатырох пабудаваных паверхаў і будаўніцтва паркоўкі ацанілі ў 900 тысяч долараў. Уяўляеце сабе ровень абыякавасці мясцовай улады да грошай падаткаплацельшчыкаў? Спачатку спусцілі без толку нямецкія сродкі, зараз выдзяляюць для ліквідацыі наступстваў рублі ўжо з беларускага бюджэту.
Эталон безгаспадарлівасці. Узор, тыповы прыклад. Проста зараз можна несці ў палату мер і вагі.
Беларускае Радыё Рацыя





