Смешны казус нядаўна здарыўся ў Беларускім статыстычным камітэце. Яго кіраўніца Іна Мядзведзева, заявіла, што ААН, падводзячы вынікі па Беларусі па розных паказчыках, не заўсёды выкарыстоўвае даныя Белстата.

Маўляў, вось яны там у агенцтве нават неяк непрыстойна паступаюць — ўпісваюць у свае справаздачы дадзеныя ад незалежных экспертаў і яшчэ нейкія лічбы, да якіх ён, Белстат, руку не прыклаў.
Хочацца спытаць у спадарыні Мядзведзевай — а чаго ж вы хацелі? Як жа інакш паступаць ААН, калі ваша ведамства адкрыта хавае інфармацыю. Напрыклад ужо зараз схаваны даныя па смяротнасці, нараджальнасці, колькасці пенсіянераў, адтоку айцішнікаў, тавараабароце з некаторымі краінамі. Акрамя таго, некаторы час таму Белстат сам сабе дазволіў засакрэчваць любыя паказчыкі, калі іх распаўсюд “можа нанесці шкоду бяспецы Беларусі”.
Так што тут зусім няма чаму дзівіцца. Калі не даяце інфармацыі вы – аўтарытэтная арганізацыя ўсё роўна знойдзе, дзе яе ўзяць. І на шчасце там яна будзе праўдзівая і бесстаронняя, а не старанна вывераныя фабрыкай хлусні. Якую ў нас чамусьці называюць Нацыянальным статыстычным камітэтам.
Беларускае Радыё Рацыя