Сотні людзей у Беларусі проста зараз адбываюць тэрмін па артыкуле аб распальванні варожасці. Яны апынуліся за кратамі таму, што напісалі каментар — пра міліцыянта (канкрэтнага ці абстрактнага), ці нават увогуле пра ўладу.

Я па працы часта вымушана чытаць беларускія дзяржаўныя СМІ. І вось калі хто і павінен паўстаць перад законам — то гэта іх аўтары. Давайце проста паглядзім, што піша беларускі дзяржаўны партал news.by. Напрыклад, пра Польшчу.
Вось 1 студзеня яны параўноўваюць польскіх крылатых гусараў, элітнае войска 16-га стагоддзя, з квадраберамі, якія надзелі на сябе крылы.
31 снежня пішуць, што польскі прэзідэнт Анджэй Дуда “ва ўсіх нармальных людзей страціў аўтарытэт”.
30 снежня называюць дэпутатаў польскага Сейма хлусамі і чамусьці экстрэмістамі.
29 снежня ў іх канале з’яўляецца пост з загалоўкам “Варшава знішчае сама сябе”.
28 снежня яны абвінавачваюць польскіх памежнікаў у стварэнні крызісу на мяжы.
Не буду далей пералічваць, логіка зразумелая. Накідаць фэйкаў, абразіць, змяшаць з брудам.
Працытую адзін сюжэт, які выйшаў на гэтым канале не так даўно. Страх галоднай зімы гоніць палякаў у Беларусь. Вось такая вішанька на торце, вось такое ўражанне аб блізкай краіне-суседцы імкнуцца стварыць прапагандысты.
Наогул яны непахвальна пішуць пра усе еўрапейскія краіны, але Польшчы дастаецца больш за ўсё. Ну дык што, хто ў выніку павінен сядзець за распальванне варожасці? Можа той, хто выкарыстоўваючы ўсе свае рэсурсы, мэтанакіравана накачвае беларускі народ злосцю і нянавісцю да ўсяго цывілізаванага свету?
Беларускае Радыё Рацыя






