Нядаўна ў горадзе Маларыта ўрачыста і з пафасам адчынілі… лаўку. Яе назвалі новым арт-аб’ектам, на адкрыццё прывезлі з дзясятак чыноўнікаў і нават ваенны аркестр. З адкрыцця лаўкі падрыхтавала рэпартаж мясцовая раёнка.

Здавалася б – неверагодны абсурд, навіна, ад якой дакладна пачынаеш разумець сэнс выразу “гішпанскі сорам”, калі нейкую недарэчнасць робяць людзі побач, а сорамна табе.
Дык вось аказалася, што ўрачыстае адкрыццё чагосьці будзённага і шараговага – гэта наогул новая традыцыя беларускіх чыноўнікаў. Яны з зайздроснай зацятасцю практыкуюць гэта не першы год. Выпадкаў – маса, проста нагадаю нядаўнія і самыя яркія з іх. Вось напрыклад у Копысі ў Аршанскім раёне напрыканцы студзеня гучна адкрылі пякарню. З шарыкамі, роставымі лялькамі і прамовамі чыноўніка.
Або вось некалькімі гадамі раней – вядомы харызматычны дэпутат Ігар Марзалюк адкрывае – парэнчы ў магілёўскім парку. Ды яшчэ і гаворыць, што адкрыццё прымеркавана да Дня перамогі. Вось такі падарунак ветэранам, ні больш, ні менш.
Прыкладна тады ж у адной са школ Крычава адчынілі…новую штангу. яе прынеслі ў мясцовую старую спартыўную залу, у старым будынку школы, але ў гонар новага снарада разразалі стужачку і выступалі з радаснымі песнямі дзіцячыя калектывы.
Здаецца, самы час удзельнікам усіх гэтых адкрыццяў вельмі-вельмі сур’ёзна падумаць. Пэўна, нешта не так ідзе ў краіне, калі парэнчы, сметніца, новая штанга ці лаўка – нагода для гонару, рэпартажаў нацыянальных СМІ і выступленняў з высокіх трыбун.
Беларускае Радыё Рацыя






