Заўтра беларусы адзначаць 8 Сакавіка. Якую афарбоўку атрымала гэтае свята цяпер? Ці змянілася стаўленне да падзеі? Пра гэта і не толькі Госця Рацыі – прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык – распавяла нашай карэспандэнтцы Марыне Савіцкай.

РР: Для вас 8 Сакавіка – што гэта за свята?
Аліна Коўшык: Для мяне 8 Сакавіка перад усім дзень роўнасці правоў. Я супраць савецкага трактавання гэтага свята, я супраць таго, каб да жанчынаў ставіліся, як да ўпрыгожвання і каб нашы правы жанчын зводзіліся да цюльпана альбо гваздзікі і райстопаў у гэты дзень. Я даўно пра гэта казала, яшчэ ў бытнасць маёй працы на тэлебачанні. Таксама рабілі акцыі, што нам не патрэбныя падарункі, нам патрэбныя роўныя правы, бо гэта сапраўды тое, што можа зрабіць нас больш шчаслівымі і перад усім больш абароненымі. І асабліва ў кантэксце таго, што здарылася з Лізай, якая была забітая, мы разумеем наколькі важна, каб жанчыны адчувалі сябе абароненымі ў грамадстве.
Я думаю, што акурат гэтая тэма закранула шмат каго, мы адчулі наколькі мы можам быць далікатныя, калі няма сістэмы нашай абароны. Але з іншага боку, я ведаю, што расце новае пакаленне беларусак, цудоўных, свядомых, якія сапраўды ведаюць, як можа выглядаць жыццё, калі жанчыны маюць роўныя правы, калі з намі лічацца нароўні. І, па шчырасці, я сама з гэтым змагаюся штодня ў палітыцы, гэта няпроста, але я лічу, што гэта наш абавязак даваць прыклад і паказваць новыя стандарты, бо, шчыра скажу, што вельмі часта нашы беларускія мужчыны яшчэ жывуць па такіх сярэднявечных нормах стаўлення да жанчынаў, і гэта неабходна змяняць.
РР: Як зараз лепш за ўсё беларускім жанчынам, якія знаходзяцца ў эміграцыі, у Польшчы ў тым ліку, варта адзначыць 8 Сакавіка?
Аліна Коўшык: Я 8 Сакавіка заўсёды віншую сваіх сябровак, але жадаю ім не прыгажосці, сонейка ці кветачак, я жадаю ім вельмі канкрэтных рэчаў, якія паляпшаюць наша жыццё. Я ім жадаю падтрымкі, сястрынства, рэалізацыі, натхнення і моцы, бо я перакананая, што менавіта такія жанчыны робяць грамадства шчаслівым і могуць як мага больш дадаваць у нашыя супольнасці.
Як адзначыць гэты дзень? Скажу шчыра, я даўно яго не адзначаю як свята. Для мяне гэта адзін з дзён, калі трэба нагадаць пра роўныя правы жанчын. Але я думаю, што вось акурат сёлета я ў гэты дзень буду думаць пра Лізу, я ў гэты дзень буду думаць пра сотні згвалтаваных украінак праз расейскіх акупантаў. Я буду думаць пра тых жанчын, якія не змаглі сябе абараніць. І я б хацела, каб мы зрабілі ўсё, каб грамадства змянілася. І кожны на сваім узроўні можа гэтую місію выконваць. Хтосьці можа выхоўваць дачку, але не як прынцэсу, а як нармальную дзяўчынку, якая бегае не як прынцэса, напэўна, вы ўсе бачылі гэты ролік, якая не ўмее бегаць, а як сапраўдная дзяўчына. Я ведаю сама, як дзяўчыны добра і хутка могуць бегаць. Я сама была лёгкаатлеткай у дзяцінстве, таму давайце не пашыраць гендарныя стэрэатыпы, а таксама адукоўваць нашых мужчын.
Кейс вось Лізы паказаў наколькі зачапіла нас гэтая тэма і як шмат мужчын таксама выказаліся на гэтую тэму. Удала ці менш удала, але тым не менш варта падсвяціць добрыя прыклады. І я думаю, што ў дзень роўных правоў жанчын можна было б таксама павіншаваць і тых мужчын, якія шануюць нашы роўныя правы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Падтрымаць збор на святкаванне Дня Волі можна на сайце Bysol:
https://bysol.org/ru/private/thedayofwill/
Беларускае Радыё Рацыя






