З першага сакавіка пачне трансляцыю на спадарожніку рэфармаваны “Белсат”. Як гэта будзе выглядаць тэхнічна: па 6 гадзін перадачы на розных мовах, беларускай, украінскай і расейскай. Незалежны беларускі тэлеканал трансфармуецца ў беларускую рэдакцыю замежнага вяшчання польскага грамадскага тэлебачання. Гэта крокі назад ці таксама шанец для развіцця? Пра гэта з галоўнай рэдактаркай “Белсата” Алінай Коўшык пагутарыў Улад Грынеўскі.

РР: Вядома, што тэлеканал “Белсат” – гэта важны палітычны актар беларускай палітыкі, якая развіваецца за мяжой. Калі адбылася змена кіраўніцтва “Белсата”, гаворым, між іншым, пра палітыку.
Аліна Коўшык: “Белсат” ужо не з’яўляецца тэлеканалам, а з’яўляецца адной з рэдакцый у асяродку замежнага вяшчання польскага тэлебачання. Змянілася ўся структура TVP. І змянілася троху прапорцыя таксама таго, якое вяшчанне будзе надаваць польскае публічнае тэлебачанне. “Белсат” захаваў свой брэнд. “Белсат” захавае свае сацыяльныя сеткі. І самае галоўнае – “Белсат” захоўвае сваю місію. А місія – гэта незалежная інфармацыя для беларусаў і беларусак у Беларусі і па-за межамі. Місія – гэта падтрымка беларускай мовы, культуры, ідэнтычнасці. Гэта прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцей і перадача аб’ектыўнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі і ў свеце. Гэта самае галоўнае, што нам трэба захаваць у “Белсаце” разам з камандай цудоўных прафесіяналаў, якія адданыя справе. Гэта вельмі нялёгкая праца. Больш за 15 гадоў я працавала тут як рэдактарка, вядоўца, прадусарка розных тэлепраектаў. Таму, я думаю, называць маё прызначэнне палітычным не выпадае. Хутчэй мяне паклікалі сюды, таму што сапраўды я ведаю вельмі добра гэтае тэлебачанне. А думаю, што палітычны досвед – гэта хутчэй добры бонус, які дапаможа выцягваць “Белсат” з розных цяжкіх сітуацый. Таму што мы памятаем, колькі разоў папярэдняя дырэктарка Агнешка Рамашэўская змагаламя за тое, каб “Белсат” то не зачынілі, або павялічылі фінансаванне. Усё гэта таксама пэўныя палітычныя функцыі, якія мусіць выконваць кіраўнік. Падтрымка “Белсату” патрэбная з усіх бакоў, таму я ўдзячная ўсім людзям, якія былі заангажаваныя ў тое, каб адстойваць “Белсат”. Так, ён не застаўся самастойным тэлеканалам, але мы мусілі падпарадкавацца агульным зменам у тэлебачанні, часткай якога мы з’яўляемся.
РР: Былі цяжкія перамовы адносна будучыні “Белсату”. У чым былі гэтыя цяжкасці? Адстаяць менавіта асобны тэлеканал ці адстаяць увогуле ідэю?
Аліна Коўшык: “Белсат” ніколі не хацелі зачыніць і зліквідаваць. Але з’яўляючыся часткай польскага публічнага тэлебачання, мы мусілі падпарадкавацца новай канцэпцыі, якая была прынятая кіраўніцтвам. Сапраўды, мы спрабавалі адстаяць “Белсат” як тэлеканал у рамках гэтай структуры, гэтага не атрымалася. Таму трэба было зрабіць вось гэты крок назад, прыняць змены, але я адразу сказала новаму кіраўніцтву, што я буду імкнуцца да таго, каб “Белсат” вярнуўся да статусу незалежнага тэлеканала. Буду дамагацца таго, каб “Белсат” заставаўся незалежным тэлеканалам перадусім для нашых гледачоў, таму што мы працуем для іх. І я буду рабіць усё, каб таксама выйсці на асобную антэну саталітарную ў тым ліку, дзе “Белсат” будзе паказвацца так, як ёсць – адзіным у свеце незалежным беларускім тэлебачанні.
Незалежны тэлеканал для Беларусі – “Белсат” стварылі ў снежні ў 2007-ым годзе. Гэта структурная частка Польскага тэлебачання, акрамя ўласна TVP – да фінансавання праекту дакладаюцца Міністэрства замежных спраў Польшчы ды міжнародныя донары.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






