BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Адамковіч: Гэта ўсё звязана з лукашэнкаўскімі спецслужбамі

У літоўскай сталіцы адбыўся шэраг правакацый супраць беларускіх арганізацый. У іх будынках паразбівалі шыбы, былі зробленыя антыбеларускія надпісы на сценах і дарожках. Пацярпелі ў асноўным маладыя арганізацыі, якія былі створаныя пасля вядомых падзеяў у Беларусі 2020 года.

Пра тое, чаму так адбываецца, наша карэспандэнтка Таццяна Смоткіна паразмаўляла  з кіраўніком адной са старэйшых арганізацый у Вільні – Аляксандрам Адамковічам, які ўзначальвае Таварыства беларускай культуры Літвы.

РР: Вы ўжо ў Вільні шмат год. Апошнім часам назіраюцца правакацыі супраць беларускіх арганізацый. Як мне падаецца, раней такога не было і толькі зараз гэта пачалося. Як вы лічыце, чаму?

Аляксандр Адамковіч: Так, гэта новая з’ява, раней не было, і не чувалася нават пра гэтыя правакацыі. Я думаю, што гэта ўсё звязана з лукашэнкаўскімі спецслужбамі, нават не сумняюся ў гэтым, ФСБ магло там далучацца альбо не далучацца.

Думаю, што на мэце, першае – гэта запалохаць беларусаў, якія тут ёсць, і нагадаць, што ўсё роўна мы вас дастанем, дзе б вы не былі. А другое – пасварыць беларусаў з літоўцамі, найперш з літоўскімі ўладамі. Тыпу, вось пачнуць беларусы думаць, што літоўцы нічога не робяць, каб спыніць гэтыя правакацыі, а магчыма пачнуць думаць, што гэта з боку Літвы робіцца. І гэта для таго, каб адбылося супрацьстаянне беларусаў і літоўцаў, таму я вось яскрава бачу гэтыя дзве мэты, гэтыя дзве задачы – пасварыць і напалохаць. Можаце вяртацца назад, можаце пісаць памілаванне, Лукашэнка добры, памілуе. А калі будзеце вось тут, то вам будзе небяспечна тут знаходзіцца.

РР: А як вы лічыце, чаму не чапаюць старэйшыя арганізацыі, такія, як ваша ды іншыя, а менавіта ўзяліся за новыя?

Аляксандр Адамковіч: Найперш гэта звязана з пратэстамі 2020 года, канешне, Лукашэнка злы вось на тых беларусаў 2020 года, ён не можа ім дараваць гэтыя пратэсты, што адбыліся. Старыя арганізацыі тут жылі, працавалі, яны, як кажуць, не сутыкаліся з ім і з ягоным рэжымам. Я думаю, што прычына якраз вось у гэтым, што прыбегла новая хваля, схавалася ў Літве, а ён хацеў, як нават і казаў, разлічыцца з кожным, дастаць кожнага, менавіта з тых, хто ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года. Таму асноўны ўдар наносіцца па іх.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Нагадаем, нападу невядомых у Вільні падвергліся творчая прастора «Кропка», Цэнтр беларускай культуры і супольнасці, беларуская царква Канстантынопальскага патрыярхату і валанцёрская арганізацыя “Дапамога”.

Беларускае Радыё Рацыя