BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Апейкін: Павел Шурмей – прыклад служэння беларускага спартоўца грамадству

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (BSSF) яшчэ ў верасні заклікаў падтрымаць беларускага гросмайстра Уладзіслава Кавалёва для выступу ў Чэмпіянаце Еўропы па шахматах 2024 года ў Чарнагорыі. Як вынік гросмайстар Кавалёў дасягнуў неверагоднага выніку і атрымаў кваліфікацыю на Чэмпіянат свету.

Пагутарылі з ініцыятарам падтрымкі, выканаўчым дырэктарам Фонду Аляксандрам Апейкіным пра беларускую салідарнасць у спорце; якія трэнды ў допуску да спаборніцтваў беларусаў і расейцаў з’явіліся; які доўгатэрміновы ўплыў на беларускі спорт аказалі санкцыі; і якое гістарычнае значэнне мае факт, што Полк Каліноўскага ўзначаліў беларускі экс-спартовец.

РР: Нашае радыё падтрымала вашую ідэю дапамагчы шахматысту. Раскажыце пра вынікі. Ці можам павіншаваць Кавалёва? І што чакае яго далей?

Аляксандр Апейкін: Так, можна павіншаваць. Гэта добрыя вынікі. Ён кваліфікаваўся на турнір. Даволі добры вынік – гэта 20-е месца сярод 400 удзельнікаў. Вытрымаў канкурэнцыю і такі паспяховы грамадскі крок. Трэба разглядаць гэтую справу Кавалёва больш з пункту гледжання таго, што гэта ініцыятыва грамадства падтрымаць спартоўца, які браў удзел у Чэмпіянаце Еўропы. Усяму грамадству прыемна, што гэта не былі дарэмна выдаткаваныя грошы. Што гэта было сапраўды інвеставана ў паспяховую ініцыятыву. Усе аматары шахматаў віншуюць Уладзіслава, кажуць, што гэта добры поспех.

РР: Можна чакаць, што будзе наступны збор на Чэмпіянат свету ўжо?

Аляксандр Апейкін: Паглядзім. Магчыма мы зможам самі праспансараваць з боку нашых партнёраў – амерыканскай арганізацыі, каб гэта не было эксплуатацыяй грамадскай дабрыні, грамадскай салідарнасці. Уладзіслава можна віншаваць, гэта сапраўды высокі вынік і вельмі прыемна, што чалавек на такі доўгі час не выпадае з прафесійнага спорту. Калі палічыць, то ў нас такіх спартоўцаў не багата засталося, якія выступаюць на высокім міжнародным роўні.

РР: Прыйшлі ад вас навіны пра Міжнародную Федэрацыю воднага спорту, якая дапусціла спартоўцаў з Беларусі да ўдзелу ў эстафетах. Што вядома па гэтым выпадку і пра што сведчыць гэты допуск?

Аляксандр Апейкін: Гэта сведчыць пра тое, што ідзе паступовы трэнд на нармалізацыю сітуацыі ў беларускім спорце. То бок, федэрацыі паступова, але будуць дапускаць атлетаў з Беларусі да камандных відаў спорту. І гэты трэнд будзе працягвацца 2025 – 26 гады. Гэта не будзе хутка, бо ёсць пэўная інерцыя. Шмат што натуральна залежыць ад падзей, якія будуць развівацца ва Украіне. Многія палітолагі мяркуюць, што ў бліжэйшыя часы будзе нейкае замірэнне, то натуральна, што міжнародныя спартыўныя арганізацыі і МАК, яны будуць прымаць рэкамендацыі па допуску менавіта ў камандных відах спорту. Я думаю, што трэнд будзе на тое, каб нейтральны статус пэўны час захоўваць, наўрад ці зусім у бліжэйшым часе мы пабачым дзяржаўныя сцяг Беларусі і пачуем гімн, гэтага дакладна не будзе ў 2025 годзе. Але ў 2026 годзе будзе паступовая нармалізацыя працэсу, калі пры пэўнай паузе на фронце ва Украіне, пры пэўных мірных пагадненнях, натуральна, што і міжнародныя федэрацыі  будуць пад гэты новы парадак дня рэагаваць і гэта будзе звязана з допускам у камандных відах спорту, але пакуль яшчэ ў нейтральным статусе. І плюс магчыма зняцце пэўных абмежаванняў з НАК. І гэта будзе агульны трэнд на нармалізацыю сітуацыі.

РР: Беласток нядаўна наведаў камандзір палка Каліноўскага Павел Шурмей – таксама былы спартовец.

Аляксандр Апейкін: Багата спартоўцаў было вайсковымі валанцёрамі ва Украіне. У спорце без лідарскіх якасцей немагчыма. Ты не зможаш дасягнуць ніякага выніку, таму, натуральна, што гэтыя лідарскія якасці потым проста пераносяцца на пазаспартыўнае жыццё, з’яўляюцца прыкладамі для грамадства. Часам у жыцці вырашаюць нават не веды, не адукацыя, а менавіта якасці: вытрымка, смелаць, рашучасць. У такой складанай палітычнай сітуацыі, у якой апынулася Беларусь, з той плыні пратэстных спартоўцаў 2020 года мы яшчэ пабачым новых лідараў. Добры прыклад – Канстанцін Якаўлеў, які ўжо амаль пяць гадоў з’яўляецца актыўным валанцёрам ва Украіне. Прыклад Паўла Шурмея – гэта ўвогуле гістарычны прыклад, тое, што на чале палка стаіць былы алімпіец, ён браў удзел у Алімпійскіх гульнях.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя