Аляксандр Бабіч – былы беларускі палітзняволены з Берасця, які быў асуджаны ў 2020 годзе за “супраціўленне супрацоўніку міліцыі ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак”. Ён правёў тры з паловай гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, вызваліўся ў студзені мінулага года і з’ехаў у Польшчу. І ўжо тут пачаў гатаваць мясныя дэлікатэсы – хатнюю паляндвіцу. Пра тое, як хобі пераўтваецца ў бізнес, як на яго паўплываў арышт і што звязвае Аляксандра з Максімам Знакам, былы палітвязень распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

РР: Наколькі ты камфортна сябе адчуваеш у Варшаве, у Польшчы?
Аляксандр Бабіч: Адчуваю сябе выдатна. Таму што ёсць досвед працоўнага мігранта, ёсць веданне мовы, веданне цудоўнага горада Варшава. Яшчэ з 2016 года я тут знаходзіўся як працоўны мігрант. Усё выдатна за выключэннем, напэўна, адносінаў, якія зараз сталі негатыўнымі не столькі да беларусаў, верагодна, колькі да ўкраінцаў. Мяне гэты момант вельмі моцна напружвае. Раней такога не было. Ізноў жа гэта ідзе не ад самай разумнай часткі польскага насельніцтва. Часта сутыкаешся з гэтым, нейкія вырабы выстаўляеш на маркетплэйсы, пляцоўкі і ты бачыш, як да цябе ставяцца палякі – не вельмі тактоўна, не вельмі прыгожа.
РР: Як так атрымалася, што ты апынуўся за кратамі, калі фактычна па працы ты быў у Польшчы раней?
Аляксандр Бабіч: Быў каронавірус. У 2020 годзе я быў ужо ў Берасці. У мяне быў свой невялічкі бізнес. А як апынуўся за кратамі? Праз сваё сумленне. Я не выходзіў ні за Ціханоўскую, ні супраць Лукашэнкі, я выходзіў з народам. Гэта маё бачанне. Я цудоўна разумеў, што ніводзін чалавек, які дарваўся да ўлады, не можа ўвесь тэрмін весці сябе прыстойна. Тут проста ўжо засядзеўся і трэба было нешта мяняць.
РР: Ты зараз пазбягаеш галоўным чынам тэмы пра тое, як праходзіла за кратамі жыццё?
Аляксандр Бабіч: Для кагосьці гэта было нешта неймавернае, складанае, трагічнае ў жыцці. Так, таксама бывае, прачынаюся і ўзгадваюцца нейкія моманты, нягоды. Тым больш, стасуешся ў асноўным з людзьмі, якія сядзелі з табой разам. Таму бываюць успаміны нейкія, або ўспаміны пра тых, хто яшчэ сядзіць. Шкада людзей, якія адсядзяць вялікія тэрміны. Таму што яны выйдуць у такую бездань, што лепш бы яны там не сядзелі. Яны ж то сядзяць з надзеяй, што ўсё будзе добра, яны не мяняюць сваіх поглядаў, не прагінаюцца, псуюць сваё здароўе дзеля таго, каб пасля расчаравацца. Але гэта іх выбар.
РР: Табе ўдалося наладзіць свой бізнес у Варшаве.
Аляксандр Бабіч: Гэта зусім не бізнес, таму што ён не прыносіць нічога. Увогуле я будую драўляныя дамы, альтанкі, тэрасы. І люблю розную вулічную мэблю. І аднойчы мы зайшлі ў госці да маіх родных, і яны зрабілі паляндвіцу. І я ўспомніў, што дома раней вельмі часта яе рабіў. Паспрабавалі зрабіць першую паляндвіцу. Распаўсюджвалі сярод сяброў. З той пары неяк закруцілася. Гэта больш пра нейкі занятак сумесны. Зрабілі дзесьці восем партый мяса. З іх шэсць прадалі ўжо.
Больш пра дзейнасць Аляксандра можна даведацца праз яго акаўнт ў інстаграм: https://www.instagram.com/polendvica.pl.
Цалкам гутарка:





Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіву Аляксандра Бабіча






