Сёння, 25 лютага, у Беларусі адзіны дзень галасавання, выбіраюць дэпутатаў парламента і мясцовых саветаў.

Беларускія апазіцыйныя палітыкі назіраюць за працэсам, называюць яго «выбары без выбару» ды нават робяць палітычныя стаўкі. Напрыклад, сябра каардынацыйнай рады Аляксандр Кныровіч прааналізаваў спісы кандыдатаў ды фактычна сёння ўжо можа назваць новы склад так званага беларускага парламенту.
– Зрабіў вялікую працу за ўсіх тых, хто з’яўляецца выбаршчыкамі ў Беларусі. Я прааналізаваў увесь спіс кандыдатаў, якія ідуць у парламент, і вылучыў тых з іх, якія ўжо прызначаны. Гэта відавочна па тых спісах, у мяне ёсць сумневы магчыма па пяці са ста дзесяці акругах. Гэта азначае, што ніякага ўплыву галасоў грамадзян практычна няма. Галасуй – не галасуй… Гэта “выбары без выбараў”.
Напярэдадні прагучала афіцыйная інфармацыя, што ўжо на датэрміновым галасаванні на ўчасткі прыйшлі 42% выбаршчыкаў. І нават высокія беларускія чыноўнікі пад камерамі дзяржаўных тэлеканалаў пайшлі датэрмінова галасаваць. Так чыноўнікі праводзілі агітацыйную кампанію і заахвочвалі прыходзіць датэрмінова на ўчасткі. Сёння пачаўся дзень галасавання.
Беларускае Радыё Рацыя






