Беларускія ўлады абвясцілі пра стварэнне афіцыйнага спісу найвыдатнейшых постацей у гісторыі краіны. У яго ўжо ўключаны такія імёны, як Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Канстанцін Заслонаў і Пётр Машэраў.

Гісторык Аляксандр Пашкевіч мяркуе, што афіцыйны спіс герояў фармуецца не дзеля яднання, а дзеля кансалідацыі ідэалагічнага кантролю:
– Будуць уключаць тых асоб, якія ўпісваюцца ў цяперашнюю так званую ідэалогію лукашэнкаўскага рэжыму. Часткова героі вайны, часткова нейкія асобы, якія не выклікаюць алергіі ў прадстаўнікоў рэжыму, якіх яны лічаць аб’яднаўчымі для беларусаў. Людзі, якія з’яўляюцца супярэчлівымі, да якіх рэжым ставіцца ці адмоўна, ці насцярожана, накшталт Кастуся Каліноўскага, Тадэвуша Касцюшкі і іншых, то яны, канешне, туды не ўвойдуць. Гэта будзе спіс нейтральных асоб.
Пашкевіч таксама звяртае ўвагу, што нават у гэтым “кансенсусным” спісе ёсць спрэчныя фігуры альбо не згадваюцца постаці, звязаныя з заходне-хрысціянскай традыцыяй або антысавецкім супрацівам. Па словах гісторыка, гэта выразны сімвал адыходу ад традыцыйнага празаходняга разгляду развіцця краіны.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






