Пра беларускую мову ў Віцебску, пратэсты 2020 года на прыкладзе аднаго школьнага класа, «беларусізацыю» сілавікоў у Расеі ды на іншыя тэмы мы запісалі гутарку з расейскім гісторыкам і блогерам Аляксандрам Штэфанавым. З ім размаўляе наш карэспандэнт Стась Дадэрка.

РР: Большая частка вашага жыцця прайшла ў Віцебску, вы згадваеце такі момант, што ў вашым класе дзве траціны вучняў у нейкі момант выступілі супраць вывучэння беларускай мовы, таму не бачылі ў гэтым патрэбы. Чаму ўвогуле так адбылося, што беларусы ў Беларусі часам не адчуваюць патрэбы гаварыць на сваёй мове?
Аляксандр Штэфанаў: Напэўна, што дзве трэція выступілі супраць нельга так казаць, хутчэй за ўсё людзі не вельмі разумелі навошта. Хтосьці разумеў, камусьці гэта не падабалася. Увогуле трэба разумець, што дзецям не вельмі падабаецца вучыцца. Сам працэс – гэта нейкі гвалт над дзецьмі і факт відавочны. Дзецям не вельмі падабаецца і геаметрыю вывучаць, і гісторыю, і матэматыку, і шмат чаго іншага. Але, канешне, на выпадак з беларускай мовай яшчэ накладваецца той факт, што сфера яе прымянення абсалютна незразумелая. Зразумела, што яе трэба будзе здаваць, таму што трэба здаць экзамен, і гэта з’яўляецца асноўным стымулам яго вывучэння.
Мне падаецца, што канкурэнцыю ў моўным асяроддзі беларуская мова не можа вытрымаць у параўнанні з расейскай мовай. Носьбітаў расейскай мовы ў Беларусі ў разы больш, чым носьбітаў беларускай мовы, я маю на ўвазе носьбітаў, якія рэгулярна практыкуюць. Тыя, якія рэгулярна практыкуюць расейскую мову, у Беларусі знаходзяцца ў большасці адносна людзей, якія практыкуюць беларускую мову.
РР: Гэта факт, але я акурат пытаюся пра прычыны. На вашую думку як гісторыка, чаму так сталася?
Аляксандр Штэфанаў: Відавочна, калі ў вас у роўным становішчы расейская і беларуская мова, то людзі выбіраюць мову, якая больш прыкладная і карысная для іх. На самой справе гэта відавочная гісторыя, акрамя таго беларуская і расейская мовы падобныя. Напэўна, самыя блізкія славянскія мовы, я магу памыляцца, трэба пытацца ў мовазнаўцаў, але мне падаецца, што гэта самыя блізкія славянскія мовы, калі не браць сербска-харвацкую групу, тое, што было ў былой Югаславіі. Таму людзі аддаюць перавагу той мове, у якой больш носьбітаў. Такі натуральны прагматычны падыход. Яны сапраўды ўжываюць больш кантэнту на расейскай мове і размаўляюць на гэтай мове. Ім так зручней.
РР: Наконт падабенства, больш нават падабенства з украінскай. Для нас саміх гэта было адкрыццём за многія гады, для шматлікіх прынамсі. Але карані гэтай праблемы мажліва ў тым, што расейская імперыя ў розных сваіх выглядах праводзіла русіфікацыю і каланіяльную палітыку на тэрыторыі Беларусі?
Аляксандр Штэфанаў: Палітыка русіфікацыі на тэрыторыі Беларусі – гэта хутчэй частка палітыкі ўніфікацыі мовы ў прынцыпе. То бок так можна сказаць, што і дыялекты рускай мовы былі заціснутыя палітыкай уніфікацыі. Гэта зразумела, што ўніфікацыя мовы падчас развіцця дзяржапарату адбываецца. Канешне, гэта значная частка, чаму беларуская мова не з’яўляецца ўстойлівай самастойнай мовай, на якой размаўляе некалькі мільёнаў чалавек. Гэта сапраўды важна, але тут важна дадаць, што падобныя працэсы адбываліся ва ўсім свеце, і гэта хутчэй працэс, звязаны з уніфікацыяй мовы.
Канешне, для расейскай імперскай бюракратыі беларуская мова была дыялектам расейскай, які трэба было падвесці бліжэй да расейскай. Гэта зразумелае паняцце ўніфікаваць. Не таму, што ім так не падабаецца беларуская мова. Калі б у большай часткі Расеі дамінавала беларуская мова, то яны б узялі яе за аснову. Яна б проста не называлася беларускай, зразумела. А таму лягчэй было ўніфікаваць вакол велікарускага элемента, і вакол яго і прайшла ўніфікацыя. Падобныя працэсы ішлі і ў Францыі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: svtv-static.net






