
Жыццё з нуля. Гісторыі беларусаў, якім на эміграцыі давялося пачынаць усё спачатку і засвойваць новыя прафесіі.
Гісторыя 10. Аляксандра Ханевіч у эміграцыі прыбірала памяшканні, а ў рэшце рэшт стала блогеркай, а КДБ прызнаў яе экстрэмісткай. Ролікі з блогеркай набіраюць па 20 тысяч праглядаў. А жанчына, якая вымушаная была бегчы з Беларусі, не баіцца займацца картынгам ці ёгай ці спрабаваць сыграць на дудзе.
Калі ў Гародні ў 1970-х пачаў будавацца завод “Хімвалакно”, Аляксандра Ханевіч пайшла вучыцца ў прафесійна-тэхнічную вучэльню на апаратчыка шырокага профілю, каб уладкавацца на завод “Хімвалакно”. Пасля сканчэння стала працаваць апаратчыцай. Пазней скончыла вучобу ў хіміка-тэхнілагічным тэхнікуме па спецыяльнасці “Абсталяванне хімічных заводаў”. “У мяне была мужчынская спецыяльнасць, я – тэхнік-механік на хімічных прадпрыемствах па абсталяванні” — жартуе Аляксандра Ханевіч. Потым працавала аператарам дыстанцыйнага пульта кіравання. На пенсіі жанчына ўступіла ў ветэранскую арганізацыю, дзе яе абралі намесніцай старшыні ветэранскай арганізацыі “Хімвалакно”, а потым стала і старшынёй.
Аляксандра згадвае, што ў яе негатыўнае стаўленне да цяперашняга рэжыму стала з’яўляцца пасля 1996 года. Тады яе сын, які на той момант служыў ва ўнутраных войсках, напісаў ліст, што іх хацелі адпраўляць падчас рэферэндуму на разгон дэманстрацый у Мінску. “І я тады абурылася, як гэта можна разганяць беларускі народ. А потым наступіў 1999 год і знік Юрый Захаранка. А ён мой равеснік, майго года нараджэння. Мне ён падабаўся. І тут знікае. А потым Ганчар, Красоўскі, Завадскі”. — згадвае блогерка.

У 2020 годзе Аляксандра Ханевіч была нават старшынёй ветэранскай арганізацыі “Гродна. Хімвалакно”. Напярэдадні выбараў ёй пазваніў старшыня Кастрычніцкай раённай ветэранскай арганізацыі і сказаў, што яны павінныя сабраць подпісы за Лукашэнку. “А гэта ж кавід. Я спытала ў яго, як вы сабе гэта ўяўляеце, мы ж не стасуемся паміж сабой, як пойдзем па дамах?” — гаворыць Аляксадра Ханевіч. У дзень выбараў 2020 года Аляксандра, якую праводзіў сын, спазнілася на свой аўтобус. Сын акурат даведаўся пра разгон акцыі ў Гародні. І Аляксандра прапанавала пайсці, паглядзець і сесці ў тым раёне на тралейбус.
“У нас мост цэнтральны, яшчэ перадваенны. Акурат дванаццатая гадзіна. Пратэстоўцы ўжо адступілі і ішлі ў наш бок. Мы ідзём, глядзім. А ў канцы моста стаяць два аўтазакі і перакрыты мост. То бок там, дзе мусіць быць мой тралейбус, дарога перакрытая”. — патлумачыла пенсіянерка. Аляксандру Ханевіч затрымалі на 15 гадзін і пакаралі 20 базавымі велічынямі штрафу. Другі раз яе затрымалі 13 верасня, аднак пасля складання пратаколу адпусцілі. Пенсіянерка з’ехала ў снежні 2020 года. Бо адзін добры знаёмы з выканкама сказаў, што яе пасадзяць, нават калі яна не будзе болей выходзіць на акцыі пратэсту.

У Польшчу Аляксандра Ханевіч з’ехала са сваім сынам. У эміграцыі пенсіянерка стала прыбіраць у дамах і кватэрах. А сын у сярэдзіне студзеня выйшаў таксама на працу на вырабе мяккай мэблі.
“Дамы ўсе былі двухпавярховыя. Спачатку іх было пяць. Працаваць даводзілася з 9 раніцы да 5 вечара. Яшчэ і ў выходныя даводзілася прыбіраць кватэры, падрыхтаваныя пад здачу. Нават сын пасля сваёй працы прыходзіў і дапамагаць мне. Але потым я адмовілася ад аднаго дома, бо знаходзіўся за горадам. Аўтобус туды хадзіў раз на гадзіну. І трэба альбо ісці кіламетраў 8, альбо чакаць доўга”. — распавяла пра пачатак эміграцыі Аляксандра Ханевіч.
Цяпер жанчына ўжо адмовілася ад прыборкі дамоў і вядзе свой блог на ютубе. “Мае хлопцы сварацца на мяне, каб я не прыбірала. У мяне застаўся толькі адзін дом, якія я часам дапамагаю прыбіраць. Там вельмі добрая і занятая гаспадыня. Мне як дачку яе шкада”.

У 70 год Аляксандра Ханевіч засвоіла вядзенне ютуб-канала. І першая яе праграма была пра тое, як яна прыехала ў Польшчу, дзе жыла і праходзіла каранцін. Адаптавалася ў Польшчы пенсіянерка хутка, бо ведала ўжо польскую мову і саму краіну. Аднак вярнуцца ў Беларусь ёй бы хацелася б.
— Самае балючае месца для мяне — гэта могілкі (сп. Аляксандра пахавала дваіх сваіх дзяцей — заўв. рэд.). Я ж не бачыла ўжо, калі сыну помнік паставілі. У мяне ўсе сваякі ўжо памерлі. І пахаваныя яны на розных могілках. У Беларусь я б хацела вярнуцца, каб наведаць могілкі.
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя






