BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандра Ханевіч: У душы заўсёды маю Бога

Як святкавалі Вялікдзень на Гарадзеншчыне, і ці змянілася нешта пасля пяці гадоў жыцця ў вымушанай эміграцыі. Пра гэта ды іншае пагаворым з нашай сённяшняй Госцяй Рацыі – блогеркай з Гарадзеншчыны, пенсіянеркай Аляксандрай Ханевіч, якая цяпер жыве ў Беластоку, але вядомая далёка па-за яго межамі.

РР: Сустракаемся ў перадсвяточны перыяд, хутка будзем адзначаць Пасху, Вялікдзень. Ці для вас гэта таксама важны перыяд, ці будзеце святкаваць?

Аляксандра Ханевіч: Вельмі важны. Я веруючы чалавек, заўсёды хадзіла да царквы і без царквы ў душы заўсёды маю Бога. У мяне быў дзядуля з Сібіры – бацька майго бацькі быў святаром. Можа праз тое вага паміж тым ёсць ці няма Бога была за тое, што ёсць. Ёсць нейкія сілы, якія, калі трэба, дапамагаюць, і, як кажуць, не дасць Бог больш, чым ты можаш панесці.

У мяне трохі змянілася, калі пачалася вайна і калі Кірыл стаў бласлаўляць на вайну расейцаў, я доўга не магла пайсці да царквы. Я кожны дзень уранку і вечарам казала “дзякуй, Божа, за ўсё”, скажу якія малітвы і на гэтым мая вера канчалася. Я стараюся нікому не рабіць нічога благога і, як магу, так і дапамагаю. Нядаўна я была на такой сустрэчы, дзе трэба было дапамагчы чалавеку на нейкае абсталяванне. Вельмі спяшалася і сыну сказала, каб ён хуценька перавёў мне 50 злотых. Ён мне кажа, мама, што ты ўвесь час пераводзіш. Я кажу, Саша, лепей я аддам, каб не трэба было мне ў кагосьці прасіць. Мо дасць Бог так і будзе.

РР: У сваёй сям’і неяк асабліва рыхтуецеся да свята, ёсць нейкія свае традыцыі або штосьці, што абавязкова будзеце ставіць на стол?

Аляксандра Ханевіч: Абавязкова, але мы ўдваіх з сынам тут. У Гародні былі заўсёды важныя два святы – гэта Вялікдзень і Божае нараджэнне. І з раднёй майго мужа мы заўсёды разам, адно свята – у брата, другое – у сястры, трэцяе – у нас. І так па чарзе адзін да другога.

Па мамінай лініі бабуля жыла ў Капцёўцы на хутары, была вельмі веруючай, і мы заўсёды на гэтае свята, на Вялікдзень, былі ў яе. Бабуля вельмі добра гатавала, заўсёды смачна, а дзяцінства было не вельмі такое смачнае, троху галаднаватае. Але на гэтае свята ў бабулі былі заўсёды пончыкі з макам, пірагі, яйкі. І я таксама гэта раблю. Мы ішлі з хутара ў Капцёўку на ўсяночную, яшчэ былі такія па 10 ці 13 гадоў, але на хутары баяліся адны ў хаце сядзець і ішлі. Дзядуля мамін быў у Амерыцы і нават быў кулаком. Зарабіў там грошы, у іх заўсёды былі такія традыцыі. Бабуля мела вялікую хустку з Амерыкі, і мы там спалі ў той хустцы, калі трэба было, бо былі малыя і не маглі вытрываць усяночную.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя