Госця Рацыі – Аляксандра Мамаева, прадстаўніца Каардынацыйнай Рады і кіраўніца Міжнароднай камісіі. Зараз яна знаходзіца ў Санцьяга-дэ-Кампастэла, у Гішпаніі. Яна прайшла Шляхам Святога Якуба. Сваю пілігрымку Аляксандра прысвяціла беларускім палітвязням.

РР: У Санцьяга-дэ-Кампастэла вы завяршаеце сваю эстафету.
Аляксандра Мамаева: Я знаходжуся ў Санцьяга-дэ-Кампастэла, прыйшла толькі сёння ўдзень. Апошні этап быў 20 кіламетраў. А ўсяго мой маршрут быў 315 кіламетраў за 13 дзён ад горада Ліён у Гішпаніі да Санцьяга-дэ-Кампастэла. Шлях святога Якуба – гэта адзін з самых знакамітых пілігрымскіх шляхоў. І ўжо больш за 1000 год веруючыя рабілі паломніцтва ў Санцьяга-дэ-Кампастэла да мошчаў святога Якуба.
РР: Праект «Галасы праз межы» («Voices Across Borders») праводзіць міжкантынентальную эстафету салідарнасці ў падтрымку Беларусі. Давайце закцэнтуем на гэтым увагу.
Аляксандра Мамаева: Народныя амбасады разам з Хуткай гуманітарнай дапамогай, у якую ўваходзяць чатыры арганізацыі, якія дапамагаюць беларускім палітзняволеным, ладзяць міжкантынентальную эстафету “Галасы праз межы”. Да сярэдзіны снежня дыяспары будуць ладзіць розныя мерапрыемствы – гэта могуць быць і выставы, і спектаклі, і паказы фільмаў, і сустрэчы, вельмі-вельмі розныя фарматы. Арганізатары падрыхтавалі пакет ідэяў, якія можна зрабіць, дызайнаў. І тут дзве галоўныя мэты. Першая, паказаць Беларусь замежнікам, расказаць пра тое, што ў нас у краіне адбываецца. І другое, гэта, канешне, атрымаць падтрымку, у тым ліку падтрымку для беларускіх палітзняволеных. І я вырашыла, што свой адпачынак я прысвячу менавіта палітзняволеным. Таму што па Каміна праходзіць кожны год амаль паўмільёна чалавек. І для мяне гэта выдатная магчымасць размаўляць з людзьмі і даносіць да іх інфармацыю. У мяне на заплечніку маленькі плакат з надпісам “Каміна для Беларусі”, што я іду ў падтрымку палітзняволеных з QR-кодам, які можна адсканаваць і перайсці на сайт, дзе інфармацыя пра праект і пра збор.
І трэба сказаць, што гэта сапраўды працавала. Да мяне падыходзілі два, тры, чатыры чалавекі на дзень мінімум. Мы размаўлялі. Я распавядала пра Беларусь, пра нашых палітзняволеных, пра тое, як яны могуць дапамагчы. Шмат хто проста падыходзіў, сканаваў, мінакі чыталі. І гэтага таксама было дастаткова. І таму гэта мой асабісты варыянт распавесці пра Беларусь і прыцягнуць увагу.
РР: Выдаецца пасведчанне пілігрыма, які прайшоў шлях. З завяршэннем гэтага шляху прынята віншаваць людзей? Ці гэта проста нагода задумацца?
Аляксандра Мамаева: Вельмі часта людзі, якія праходзяць па Каміна-дэ-Санцьяга кажуць, што пасля яго завяршэння Каміна толькі пачынаецца. То бок, людзі прыходзяць да саміх сябе, разумеюць, якія яны насамрэч, што для іх важна. Можна загадаць жаданне ці задаць пытанне, на якія прыходзяць потым нейкія адказы. Таму я хацела б пажадаць, каб мы працягвалі той шлях, які абіраем, і працягвалі рабіць тое, што нам важна.
Цалкам гутарку слухайце ў гукавым файле:



Беларускае Радыё Рацыя






