У 2023-м годзе асноўнай праблемай для беларусаў Грузіі была праблема легалізацыі.
Кіраўнік грамадскай арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі» Аляксей Балашоў зазначае, што з-за «пашпартнага ўказу» ў 2023-м шмат беларусаў вымушаныя былі з’ехаць з Грузіі:
– Праблема вядомая ўсім беларусам у выгнанні, асноўная праблема – гэта праблема з пашпартамі, з гэтым пашпартным указам узурпатара, які ўрухоміў дыяспару. Багата народу стала пераязджаць з тых месцаў, дзе яны ўжо аселі. У Польшчы прасцей леагалізавацца. Тут, у Сакартвэла, на жаль, пакуль гэта не так проста. Гэта крыху падкасіла напрацаваныя нашыя алгарытмы.
Па словах Аляксея Балашова асноўным поспехам было стварэнне беларускіх школак у Батумі:
– 2023 год, нягледзячы на ўсе праблемы, быў досыць плённым для нас. Удалося запусціць два праекты школ, на трэці год масавага ад’езду беларусаў сюды, у Сакартвэла. Атрымалася. Мы даўно спрабавалі гэтую справу зрушыць, і вось нарэшце ў нас ёсць – і школка выходнага дня, і школка функцыянальная, дзякуючы прасторы «аКсяродак» і ейнай гаспадыне Аксане.
2024 год беларусы Батумі сустракаюць супольнымі акцыямі і канцэртам. Першым такім супольным канцэртам будзе невялічкі калядны фэст у батумскай прасторы BackDOOR, які адбудзецца увечары 6-га студзеня 2024 году.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя