Тэлеканал «Белсат»: такія розныя перамены. Польскае грамадскае тэлебачанне паведамляе, што беларускай рэдакцыяй надалей будзе кіраваць Аліна Коўшык, якая ўжо пакінула і Каардынацыйную раду, і Аб’яднаны пераходны кабінет, дзе яна адказвала за нацыянальнае адраджэнне. Была такім «міністрам культуры». Асобнага тэлеканала таксама не будзе – ён ператвараецца ў беларускую рэдакцыю замежнага вяшчання TVP. Аляксей Дзікавіцкі, які дагэтуль выконваў абавязкі дырэктара – пасаду пакідае датэрмінова. А чаму? Распытаў Улад Грынеўскі.

РР: Ад самага пачатку вы стваралі гэты тэлеканал разам з Рамашэўскай. Няма іншага выйсця, як сысці?
Аляксей Дзікавіцкі: Выйсце ёсць, можна і застацца. Для мяне гэтая справа прынцыповая, я сыходжу па некалькіх прычынах, па-першае, хаця б таму, што, мне падаецца, такім спосабам з людзьмі, якія столькі гадоў працавалі, хаця б у карпарацыі, часткай якой ёсць “Белсат”, не варта сябе так паводзіць, то бок выклікаць, прычым не на вышэйшым узроўні і проста абвяшчаць, што новай структурай будзе кіраваць нехта іншы, рэдакцыяй цяпер ужо “Белсата”. Не падзякаваўшы за гады працы, не сказаўшы, чаму.
Калі даецца прапанова ніжэйшай пасады і ў тым жа тэлеканале “Белсат”, справа нават не ў ганарлівасці і што гэта пазіцыя ніжэйшая, а справа ў тым, што не прыйшло ў галовы тым, хто гэта прапаноўваў тое, што мне прапанавалі быць кіраўніком партала belsat.eu. Кіраўнічка партала Вольга Ярохіна, якая спраўляецца са сваёй працай вельмі добра, акурат знаходзілася ў гэты дзень у шпіталі, мела аперацыю, цяпер яна будзе на рэабілітацыі даволі працягла. Я сабе не ўяўляю, як “падсядзець” калегу ці каляжанку, якая ў дадзены момант знаходзіцца ў шпіталі. І яшчэ адна справа – гэта справа, яна, можа, не да канца зразумелая тым, хто не сядзіць у такіх велізарных структурах, як тэлебачанне польскае. Справа ў тым, што дзеля таго, каб стварыць Цэнтр замежнага вяшчання, трэба ліквідаваць спачатку і фармальна спыніць існаванне структураў, якія маюць у гэты цэнтр увайсці. У дадзеным выпадку гэта TVT World і “Белсат”.
Кіраўніцтвам тэлебачання было даручана фармальна ліквідаваць, гэта значыць спыніць існаванне. Гэта не азначае, што “Белсат” перастане раптам перадаваць, проста фармальна ён будзе закрыты. І потым пачне працаваць, але ў складзе ўжо іншай структуры. Я разумею, што фармальная справа, але для мяне гэта ўсё ж такі непрымальна. Мне падаецца, што гэта крыху цынічна даручаць чалавеку, які ствараў з нуля гэтую фірму, паставіць на ёй пячатку, што яе больш няма. Я не хачу такі подпіс ставіць пад гэтымі дакументамі. Таму незалежна ад таго, што я губляю, ясная справа ў фінансавым сэнсе, бо я не буду мець ніякай выхадной дапамогі, нічога, спадзяюся не дойдзе да дысцыплінарнага звальнення, але я свой подпіс пад такімі дакументамі ставіць не буду. Вось гэтыя прычыны.
РР: А літаральна хто зараз гэты подпіс паставіць, і, умоўна кажучы, завершыць гісторыю “Белсата” як тэлеканала. Праект, напэўна, будзе яшчэ далей развівацца.
Аляксей Дзікавіцкі: Я не ведаю, гэта ўжо не мая праблема, напэўна, не я. І спадзяюся, што гэта не будзе нехта з заслужаных людзей канала, хаця іх ужо мала засталося.
РР: Як ты бачыш сітуацыю далей? Усе кажуць, што не будуць звальняць людзей, але калі гэта будзе ўжо асобная рэдакцыя, то, вядома, патрэба ў людзях меншая ці гэта не так?
Аляксей Дзікавіцкі: Цяжка сказаць, тут зноў жа пытанне не зусім да мяне. Справа ў тым, што калі звольнілі Агнешку Рамашэўску, “Белсат” быў у даволі цяжкой сітуацыі, гэта быў час вялікіх турбуленцый. Мы не ведалі дакладна, які будзе бюджэт, ён аказаўся на траціну меншы, хаця мы ўжо поўнай хадой працавалі, мы ўжо запусцілі праграмы так, як бы мелі больш грошай, таму напрыканцы вясны – пачатку лета давялося пачынаць ашчаджанні даволі рэзкія.
Былі патрабаванні звольніць частку людзей, чаго я не зрабіў. Мы стабілізавалі бюджэт, мы нікога не звольнілі, пачалі пэўныя рэформы, мы прапанавалі праграмы на наступны год, што таксама важна. Гэта была зробленая вялікая праца і, канешне, гэта было магчыма дзякуючы таму, што мы былі асобнай структурай, асобным тэлеканалам. Цяпер, пэўна, выдаткі будуць меншыя, скажам адміністратыўныя, калі эканамічны аддзел будзе для некалькіх каналаў ці там яшчэ нейкія аддзелы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Незалежны тэлеканал для Беларусі “Белсат” стварылі ў снежні ў 2007-ым годзе. Гэта структурная частка Польскага тэлебачання, акрамя ўласна TVP. Да фінансавання праекту дакладаюцца Міністэрства замежных спраў Польшчы ды міжнародныя донары. У сакавіку 2024 года з пасады дырэктаркі звольнілі стваральніцу канала Агнешку Рамашэўску-Гузы, якая яго ачольвала ад моманту стварэння.
Беларускае Радыё Рацыя






