BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Я ўжо займаюся праектам Belarus tomorrow”

Калі чалавек таленавіты, то ён таленавіты ва ўсім. Непрыняцце рэжыму Лукашэнкі, «Белы легіён», рэдактар рэгіянальнай газеты «Правінцыялка» ў Пінску, з-за чаго прыйшлося пакінуць Беларусь, праца на «Свабодзе» і на “Белсаце”, напісаў тры кнігі на палескай  мове. Чаму на палескай, якая тэма кніг і крыху пра асабістае мы пагаварылі з нашым госцем Аляксеем Дзікавіцкім пасля прэзентацыі апошняй яго кнігі “Poleszuk 2.0”.

РР: Ваша першая кніга “Ондэ”на палескай мове выйшла, калі вам было 47 гадоў. Гэта новы талент прачнуўся ў такім узросце ці вы пачалі пісаць значна раней?

Аляксей Дзікавіцкі: Я пісаў раней натуральна як журналіст тысячы розных артыкулаў. Я пісаў раней толькі як журналіст тэксты і ўмеў пісаць. Але гэта прачнулася, як я апынуўся пэўны час на Палессі. Калі памерла мая мама, то я там быў некалькі тыдняў з бацькам, каб яму было лягчэй. Прыехаў з Варшавы, застаўся.

І там гэта ўсё проста палілося з мяне, таму што я да сямі гадоў жыў у вёсцы пад Пінскам і гаварыў толькі па-палеску, гэта была мая натуральная мова. Але потым шмат гадоў я, канешне, на ёй не гаварыў. Але раптам гэта адкрылася, і я паслухаў сваіх землякоў, сваіх сваякоў, якія там жывуць, і мне захацелася запісаць, што яны кажуць, што яны думаюць. І захацелася таксама напісаць сваё, але менавіта на гэтай мове, на маёй роднай мове.

РР: Чым вы думаеце займацца далей?

Аляксей Дзікавіцкі: Я ўжо займаюся праектам  Belarus tomorrow – гэта  такая спадарожнікавая пляцоўка, мэта якой сабраць відэапрадукты розных беларускіх СМІ. Бо зараз шмат хто робіць відэа, гэта не 20 гадоў таму, што зрабіць відэа трэба была вялікая студыя, вялікія дарагія камеры. І зараз гэта трэба, але можна зрабіць даволі якасны прадукт больш сціплымі сродкамі. І шмат хто гэта робіць.

Дык вось мы хочам сабраць гэтыя беларускія прадукты па ўсім свеце ў адным месцы. Каб чалавек змог уключыць спадарожнік, ён знаходзіць Belarus tomorrow і бачыць там прадукты нашых партнёраў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З госцем Радыё Рацыя Аляксеем Дзікавіцкім размаўляла наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя