BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксей Дзікавіцкі пастанавіў датэрмінова пакінуць «Белсат»

Выканальнік абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі паведаміў рэдакцыі, што падаў кіраўніцтву Польскага тэлебачання (TVP) заяву пра звальненне на ўласнае жаданне ад 22 лістапада, паведамляе “Белсат”.

Дзікавіцкі растлумачыў, што яму загадалі зліквідаваць структурную адзінку «Belsat TV», а ён не хоча гэтага рабіць нават фармальна. Рэакцыя кіраўніцтва Польскага тэлебачання на гэтую заяву пра звальненне пакуль невядомая.

15 лістапада рэдакцыя «Белсату» разам з выканальнікам абавязкаў дырэктара даведалася пра прызначэнне новай кіраўніцы – Аліны Коўшык. Журналістам таксама паведамілі, што «Белсат» перастане быць самастойнай адзінкаю, а зробіцца часткаю новага цэнтру замежнай трансляцыі TVP, куды таксама залучаць англамоўны канал «TVP World». Эфір «Белсату» будзе падзелены паміж трыма рэдакцыямі: беларускай, расейскамоўнай рэдакцыяй «Вот Так» і ўкраінскай, што пакуль не мае назвы. Кожная будзе мець шэсць гадзінаў.

Чаму кіраўніцтва Польскага тэлебачання пастанавіла не пакідаць Дзікавіцкага на чале беларускай рэдакцыі, журналістам не патлумачылі. Ён мусіў заставацца на пасадзе да 3 снежня.

Аліна Коўшык цягам 15 гадоў працавала на «Белсаце», у тым ліку ў якасці вядоўцы, рэдактаркі і прадзюсаркі тэлепраграмаў. У верасні 2022 года пайшла ў палітыку: далучылася да Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, а потым трапіла ў Каардынацыйную раду. Яна ўжо пакінула абедзве структуры дзеля працы на тэлеканале.

У эфіры «Тыдня» Коўшык паабяцала, што «Белсат» застанецца незалежным каналам без цэнзуры, каналам для беларусаў, які робяць беларусы.