BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксей Францкевіч заклікаў Ціханоўскую сустрэцца з беларусамі ва Украіне

У ноч на 3 лютага Расея нанесла масавыя ўдары па Кіеве і іншых гарадах Украіны. Больш за тысячу дамоў сталіцы засталіся без ацяплення, зафіксаваныя экстрэмальныя адключэнні электрычнасці. Тэмпература ў горадзе апусцілася да мінус 20 градусаў.

Пра працу Беларускага Пункта нязломнасці ў Кіеве і сітуацыю ў горадзе распавядае кіраўнік грамадскага саюза «Білоруська спільнота України» Аляксей Францкевіч:

– Зноў была камбінаваная атака з боку Расейскай Федэрацыі. Тут каля палаткі нават аскепкі прыляталі. Дзесьці далі элетрычнасць, дзесьці яшчэ няма. Ацяпленне дзесьці зліваюць, вось з раніцы размаўляў з людзьмі, у якіх зноў злілі ваду, каб пры адключэнні ацяплення сістэма не замёрзла.

Аляксей Францкевіч таксама публічна, у тым ліку праз эфір «Белсата», заклікаў Святлану Ціханоўскую ўключыць у графік свайго візіту сустрэчы з беларускай дыяспарай ва Украіне:

– На маю думку, гэта вельмі важна. Адбываюцца візіты ў Злучаныя Штаты, у Чэхію, у Польшчу. З увесь гэты час не было яшчэ ніводнай сустрэчы з беларусамі ва Украіне, з беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць, з сем’ямі загіблых герояў, з беларускімі пенсіянерамі, якія тут ужо чатыры гады без пенсіі, з валанцёрамі.

Вядома, што з 2 па 8 лютага ў Кіеве працуе каманда Офіса Святланы Ціханоўскай. Дарадца па прававых пытаннях Леанід Марозаў мае запланаваныя сустрэчы з Амбудсменам Украіны, у тым ліку абмеркаванне сітуацыі з палітвязнямі Беларусі, якія маюць украінскае грамадзянства.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва Аляксея Францкевіча.