BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксей Канстанцінаў: Беларускія дзеці засталіся без нацыянальнай кампаненты ў адукацыі

У школьнікаў у Беларусі – канікулы. У іхніх равеснікаў, якія выехалі ў эміграцыю, летні адпачынак хутка распачнецца таксама. Адукацыйны праект “Васьміног” падрыхтаваў беларускамоўныя курсы-анлайн, каб школьнікі маглі правесці канікулы з карысцю і атрымаць веды пра Беларусь. Чаму ўзнікла ідэя адукацыйнай платформы для дзяцей? І ці застаецца цікаўнасць з боку беларускіх школьнікаў да беларускай мовы і культуры?

На гэтыя і іншыя пытанні адказвае кіраўнік праекта “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” Аляксей Канстанцінаў у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: «Васьміног» адкрыў доступ да курсаў для школьнікаў. Нагадайце слухачам Радыё Рацыя, чаму ўзнікла ўвогуле ідэя такіх курсаў для школьнікаў.

Аляксей Канстанцінаў: Гэта даўняя гісторыя. У пэўны момант стала відавочна, што існуе наступная комплексная праблема. Беларускія дзеці школьнага ўзросту, як у дыяспарах, так і тыя, якія зараз на тэрыторыі Беларусі, знаходзяцца ў складанай сітуацыі адносна таго навучальнага зместу, які ім даступны.

Мы ўсе разумеем пра ідэалагічную работу беларускіх уладаў – забарона падручнікаў, перагляд гістарычных фактаў, многа там рознага ідэалагічнага навязвання. І праграма выхалашчваецца, што, канешне, адбіваецца на адносінах да гісторыі Беларусі, літаратуры, да вядомым дзеячаў, і гэта праблема.

Адпаведна дзеці, якія выехалі і вучацца ў дыяспарах, яны вучацца па мясцовых нацыянальных праграмах – польскіх, літоўскіх, грузінскіх, нямецкіх. Адпаведна ў іх таксама практычна няма ніякага нармальнага доступу, ніякага нармальнага варыянту практыкі па беларускім наборы прадметаў. І мы разумеем, што гэта вялікая і складаная праблема. За адзін заход яе не вырашыць.

І мы вырашылі зрабіць першы крок. І гэтым першым крокам стала стварэнне самой платформы і затым стварэння курсаў. Я хутка апавядаю, але гэта адмысловы складаны працэс, мы доўга выбіралі настаўнікаў, нейкі час з імі працавалі, адаптавалі іх матэрыялы і методыкі выкладання, для таго, каб гэтыя курсы былі максімальна цікавымі і захапляльнымі для дзяцей, а таксама добра працавалі ў анлайн рэжыме. І вось нарэшце мы выпусцілі гэтыя першыя 12 курсаў. Цяпер будзем уважліва назіраць за рэакцыяй і ўспрыняццем гэтага матэрыялу і далей будзем рабіць нейкія высновы і наступныя крокі.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя