“Госць Рацыі” — сацыёлаг, дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі. Пагутарылі з ім пра базу даносаў у КДБ, якая не так даўно стала агульнадасяжнай. Абмяркавалі, ці сапраўды ідзе Беларусь у сталінскія часы і якія высновы грамадства цяпер можа зрабіць. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч:
РР: Як вы лічыце, такая колькасць зваротаў, 40 тысяч за 9 гадоў, гэта шмат ці не?
– Каб казаць, гэта шмат ці не так шмат, то трэба мець нейкі параўнальны корпус дакументаў. Паколькі зноў жа, мы ведаем дакладна, што пісаліся падобныя даносы ў спецслужбы савецкага часу. Досыць добра вядомы сталінскі перыяд, таму і параўноўваюць. Паколькі даследчыкі працуюць з архівамі, якія раскрытыя ў Расеі ці Украіне, у Беларусі з гэтай справай значна цяжэй.
Большасць архіваў, прынамсі калі мы кажам пра архівы сілавых структур, то ў дадзеным выпадку належыць да архіву КДБ, то гэта ўсё застаецца закрытым. Хаця тэарэтычна па заканадаўству ўжо мінуў час, калі гэтыя архівы павінны балі стаць даступнымі. Гэта азначае, што вельмі цяжка рабіць параўнанні, бо ў нас няма поўнага доступу да інфармацыі пра сталінскі час.
Можна арыентавацца толькі на тое, што мы маем запазычанага з украінскіх і расейскіх архіваў. Сапраўды для перыяду сталінізму было характэрна перанасычэнне грамадскага сацыяльнага жыцця практыкай данасіцельства. Гэта выступала свайго кшталту рэгулятарам асабліва ў дачыненні да органаў улады на ніжэйшых узроўнях. Паколькі сістэма была пабудавана вельмі аўтарытарна, не было магчымасці дэмакратычнай крытыкі, гэта прывяло да таго, то выкарыстоўвалася такая практыка.
Можам прыгадаць класічныя выпадкі Паўліка Марозава, які таксама быў даносчыкам на сваю сям’ю. Гэты кейс выкарыстоўваўся ў Савецкім Саюзе, як прыклад таго, як трэба паводзіць грамадзяніну – даносіць. Ствараліся такія мадэлі паводзінаў, дзе напісанне даносаў максімальна віталася і мела сваю функцыю ў сістэме кіравання. Даследчыкам вядома, што гэта сапраўды нарадзіла вялікую хвалю даносаў, якімі былі пранізаныя ўсе сацыяльныя сферы. Гэта тое, што мы ведаем пра сталінскі час.
Калі мы паспрабуем параўнаць з тым, што мы маем у дадзеным выпадку, па-першае трэба сказаць, што мы маем не ўсе даносы, а толькі тое што было зліта з сервера Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі. То бок мы павінны разумець, што даносы пісаліся і ў іншыя структуры таксама. З іншага боку, калі мы паглядзім больш уважліва на тую базу, якая была выкладзена ў агульны доступ, то мы ўбачым, што такіх палітычных даносаў, іх не так і шмат.
Пакуль цяжка сказаць, паколькі гэту базу можна больш сур’ёзна аналізаваць з выкарыстаннем нейкіх колькасных метадаў, але першы позірк кажа пра тое, што большая частка гэтых даносаў нейкія кляўзы, што не нясе ў сабе непасрэдную пагрозу ці шкоду канкрэтным асобам. Гэта азначае, што не замацавалася такая каштоўнасць, як данасіцельства, як тое культувавалася ў сталінскія часы.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Як зазначае спадар Аляксей Ластоўскі, у базе, апублікаванай хакерамі, змяшчаюцца не толькі даносы, але і проста вар’яцкія звароты. І гэта суцяшае. З іншага боку не трэба забывацца і на такі факт: Ёсць людзі, якія ў Беларусі атрымалі сур’ёзныя тэрміны па палітычных артыкулах менавіта з-за даносаў.
Беларускае Радыё Рацыя