BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксей Ластоўскі: З палякаў спрабуюць стварыць ворагаў

“Госць Рацыі” — акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі. Гутарым з ім пра сутнасць так званага свята Народнага адзінства, а таксама пра тое, што сапраўды значыць 17 верасня 1939 году для беларусаў. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.

Аляксей Ластоўскі: 17 верасня 1939 года – гэта калі савецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю тагачаснай Польшчы, што называлася Заходняй Беларуссю і Заходняй Украінай. У гэты час ішла нацысцка-польская вайна. З двух бакоў, з боку Нямеччыны і Савецкага Саюзу ўвайшлі войскі. Далей ужо пачынаюцца інтэрпрэтацыі. У савецкія часы гэта вызначалася, як “вызвольны паход” савецкай арміі, накіраваны на падтрымку працоўнага насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, якія знаходзіліся пад нацыянальным і эканамічным прыгнётам з боку палякаў. На той час гэта ўспрымалася, як такі ўдар у спіну. Што ў значнай ступені ўскладніла стан польскай арміі. Быў аддадзены загад не весці вайсковыя дзеянні, інакш гэта паспрыяла б хутчэйшай капітуляцыі польскага ўраду перад нацыстамі. У савецкай Беларусі гэта стала досыць важнай датай у сімвалічным календары, які абазначаў год далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Многія вуліцы ў Заходняй Беларусі атрымалі назву 17-га верасня.

Ужо ў незалежнай Беларусі, калі стала больш свабоды слова, ужо была магчымасць падыскутаваць пра розныя значэнні гэтай падзеі. Насамрэч пры ўсім дамінаванні афіцыйнай версіі ў БССР, у сямейнай памяці людзей, якія перажылі гэтыя часы, захавалася зусім іншае ўяўленне пра тое, што адбывалася ў верасні 1939 года. Тут я магу спаслацца нават на сваю сям’ю, паколькі я сам вырас на Пастаўшчыне. Мой бацька з 1933 года нараджэння, бачыў усё гэта на свае вочы. Таксама я чуў расповеды іншых людзей, хадзілі зусім іншыя версіі. Гэта ўспрымалася, як прыход чужога войска, што разбурыла парадак, які існаваў. Гэта абазначала пераход на савецкія рэйкі. Савецкі ўрад праводзіў хуткую саветызацыю, гэта азначае, што трэба было падавіць ачагі супраціву. Гэта суправаджалася рэпрэсіямі супраць тых слаёў насельніцтва, якія маглі б быць патэнцыйнай пагрозай для камуністычных парадкаў. То бок гэта чыноўнікі, інтэлігенцыя, асаднікі. Іх арыштоўвалі, частку расстрэльвалі, адбывалася прымусовая калектывізацыя ў паскораным рэжыме.

РР: Кажуць, што ў Заходняй Беларусі не існавала беларускіх школ. Ці так было насамрэч?

Аляксей Ластоўскі: Так, сапраўды зараз вельмі любяць ужываць тэрмін “этнацыд” для абазначэння таго перыяду, калі мова ідзе пра дзяржаўных прапагандыстаў. Гэта відавочна з’яўляецца відавочным перабольшваннем. Мы бачым такія палітычныя маніпуляцыі, калі для нейкіх мэтаў складная рэчаіснасць пачынае перайначвацца ў вельмі простыя формы. Трэба сказаць, што міжваенная Польшча таксама прайшла эвалюцыю ў перыяд свайго існавання. Гэта эвалюцыя была не да лепшага. Спачатку былі спробы ўсталявання нейкага альянсу, калі Юзэф Пілсудскі развіваў федэралісцкія ідэі пра тое, што адроджаная Польшча заключыць дамовы з Украінай, Беларуссю і Літвой. Ідэя такога саюзу пацярпела паразу.

Спачатку польская армія пацярпела падчас кіеўскай аперацыі. Беларускія саюзнікі апынуліся слабымі, не змаглі сфармаваць эфектыўнае войска, а літоўцы папросту адмовіліся. Вось гэты перыяд 1918-1920 гадоў, перыяд такога краху федэралісцкіх памкненняў. Некаторым адбіткам гэтага было стварэнне Сярэдняй Літвы, калі польская армія, быццам збунтаваная, захапіла Вільню, пад кіраўніцтвам Люцыянана Жалігоўскага. Там таксама была спроба стварэння нейкага саюза народаў. Напрыклад, Браніслаў Тарашкевіч спрабаваў выкарыстоўваць структуры Сярэдняй Літвы, у тым ліку для пашырэння беларускай справы. Тады былі адкрытыя чатыры беларускія гімназіі, калі не памыляюся больш за 200 беларускіх школ. Сапраўды гэта стала досыць моцным падмуркам для развіцця беларушчыны на гэтых тэрыторыях. Польшча праходзіла сваю эвалюцыю і яна ўсё ж такі ішла ў кірунку ўмацавання аўтарытарных тэндэнцый, што было асабліва відавочна пасля перавароту 1924 году, тым больш ужо пасля смерці Юзэфа Пілсудскага. Часткай гэтага працэсу было ўзмацненне аўтарытарных тэндэнцый і нарастанне агрэсіўнай нацыянальнай палітыкі.

Мова ідзе пра палітыку ў дачыненні да меншасці. Тут самымі балючымі пытаннямі для палякаў была Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў, якая дзейнічала ва Украіне і ішла на канфрантацыю. У Беларусі беларуская справа была манапалізавана радыкальнымі камуністычнымі сіламі, якія таксама вялі да супрацьстаяння з польскай дзяржавай. Вынікам стала тое, што беларускія школы сталі стаўкай у гэтай гульні. На жаль гэтыя маніпуляцыі прывялі да таго, што беларуская мова стала ўспрымацца нейкім такім фактарам ненадзейнасці, нелаяльнасці, сімвалам адданасці камуністычным ідэям. Але па сутнасці гэта прывяло да таго, што польскія ўлады сталі паступова закрываць беларускія школы. Савецкі Саюз паспяхова выкарыстаў гэтую беларускую карту і выступіў, як абаронца правоў беларусаў. Хаця мы памятаем пра лёс беларускай школы, у Савецкім Саюзе адбывалася не такая гвалтоўная, але ўсё ж такі русіфікацыя.

РР: Чаму ўлады раптам дасталі гэтую дату і пачалі святкаваць? Да чаго гэта?

Аляксей Ластоўскі: Мы бачым хвалю звароту да гэтай даты. Яна фактычна звязана з 2021 годам, калі 17 верасня пачалі адзначаць, як Дзень нацыянальнага адзінства. Быў аб’яўлены год нацыянальнага адзінства. Некаторы час ішла дыскусія, каб надаць 17 верасня статус дзяржаўнага свята, але да гэтага не дайшло. Я лічу, што тут безумоўна мы бачым вынік таго, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе. У час палітычных пратэстаў, калі з’явілася незадаволенасць насельніцтва палітычнай уладай і фактычна правал дзяржаўнай ідэалогіі, якая не здолела выхаваць лаяльных грамадзян. Таму была агучана формула, што адзінства важней. Другі фактар, безумоўна важны, што калі мы яднаемся, то вельмі проста яднацца супраць ворага. Вакол пазітыўных каштоўнасцяў цяжэй, а вось супраць “ворага” прасцей. Мы бачым, што дзяржаўныя СМІ падхапілі вось гэтую тэму, што галоўны вораг – гэта Польшча. У значнай ступені гэта адбылося за кошт перагляду беларуска-польскіх дачыненняў. З палякаў спрабуюць стварыць ворагаў Беларусі.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Гісторык зазначае, як бы прапагандысты і чыноўнікі не стараліся зрабіць з 17 верасня нейкае безумоўнае свята, але ў беларусаў жыве памяць пакаленняў, камунікатыўная сувязь. Таму праўды, як не намагайся, не схаваеш.

Беларускае Радыё Рацыя