Паводле ацэнак ААН за 2024 год, каля 790,2 тысячы беларусаў пражываюць за межамі краіны. Гэта складае 8,7% ад усяго насельніцтва і ставіць Беларусь на 73-е месца ў свеце паводле колькасці грамадзян, якія жывуць за мяжой.

Як адзначае сацыёлаг, сузаснавальнік ініцыятывы «Беларуская сацыялагічная група» Генадзь Коршунаў, для краіны з адносна невялікай колькасцю насельніцтва такі паказнік з’яўляецца істотным:
– Гэта ператварае заканамерным чынам Беларусь у краіну донара працоўных сіл, донара чалавечага капіталу. І гэта паказвае, колькі мы страцілі – і для Беларусі як краіны, асабліва ў бягучых умовах, гэта вельмі вялікія страты.
Разам з тым сацыёлаг звяртае ўвагу, што лічбы ААН не варта ўспрымаць як абсалютна дакладныя:
– Акрамя міжнародных дадзеных у нас могуць быць толькі дадзеныя беларускія афіцыйныя. Хутчэй за ўсё міжнародныя на іх і апіраюцца. Таму да любых такіх лічбаў трэба ставіцца даволі асцярожна, разумець, што гэта даволі прыблізныя лічбы. Хутчэй за ўсё там ёсць пэўны калідор. Рэальны стан на 100 адсоткаў сказаць, колькі каго і дзе, на жаль, сёння мы не можам.
Пры гэтым, паводле Коршунава, нават такі прыблізны паказнік мае важнае значэнне для разумення будучыні беларускай супольнасці за мяжой. «Беларуская дыяспара павінна станавіцца больш згуртаванай і суб’ектнай», — лічыць сацыёлаг.
Для параўнання: Украіна займае 4-е месца ў свеце паводле колькасці эмігрантаў — за межамі краіны жывуць каля 9,8 мільёна чалавек, або 25,8% насельніцтва. Польшча знаходзіцца на 15-м месцы (4,6 мільёна, або 11,9%), Літва — на 105-м (16,1%), Латвія — на 133-м месцы (8,6%).
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






