
Лукашэнкаўская карная абслуга даўно ідзе сваім творчым шляхам. Калі б не катаванні людзей, было б нават забаўна як дарослыя людзі за бюджэтныя грошы займаюцца чымсьці кшталту напісання сцэнароў для серыялаў антыўтопіі. Але не, там усё сур’ёзна: следчы камітэт займаецца «спецвядзеннем» справаў супраць беларускіх аналітыкаў.
Прагаворым імёны: Юры Дракахруст, Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандар Дабравольскі, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандар Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётра Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Тацяна Чуліцкая, Аляксандар Шлык, Кацярына Шмаціна.
Усе гэтыя прызнаныя ў міжнароднай экспертнай супольнасці людзі падазраюцца лукашэнкаўцамі ў пагонах у распальванні розных відаў варажнечы, у закліках шкодзіць Беларусі, у дзеяннях па захопе дзяржаўнай улады, у экстрэмісцкіх дзеяннях, а Аляксандра Дабравольскага яшчэ і ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання.
Канешне, можна дый варта пажартаваць, бо апроч абсурднасці сітуацыі бачная і бессэнсоўнасць сутрасення паперак у кабінетах і паветра ў эфіры.
Але сваімі дзеяннямі следчы камітэт на службе дыктатуры, то бок, адсутнасці Закону, падкрэслівае важную тэндэнцыю. А менавіта – у сучасным свеце не навіны на чале журналістыкі, а каментары да іх.
Мяркуйце самі, незалежныя медыя ў Беларусі як бы знішчаныя, грамадскія арганізацыі ліквідаваныя, а працэсы ідуць. Мы ведаем усё галоўнае, што адбываецца ў Беларусі. Праваабаронцы з «Вясны» штодня інфармуюць пра рэпрэсіі, а журналісты – расследвальнікі рэгулярна выкрываюць незаконныя камбінацыі людзей пры ўладзе.
З іншага боку, людзі абрынулі адзін на аднаго мільёны тонаў сваіх «канапавых меркаванняў». «Канапавыя эксперты» – гэта пандэмія ХХІ стагоддзя ў інфармацыйнай прасторы.
Таму сапраўдныя эксперты – на вагу золата. Вельмі важна калі ў той ці іншай грамадскай супольнасці ёсць лідары экспертных меркаванняў.
У нашым выпадку ў спісе ёсць эксперты з вельмі адрозным бачаннем сітуацыі ў Беларусі і вакол краіны.
Але ўсіх іх аб’ядналі іменем Святланы Ціханоўскай.
Так можна працягнуць: аналітыкі Ціханоўскай, лекары Ціханоўскай, пекары Ціханоўскай, слесары Ціханоўскай і далей па бясконцым спісе прафесій.
Выраз «аналітыкі Ціханоўскай» ад следчага камітэту дадатковы раз падкрэслівае, што Святлан Ціханоўская – сімвал усіх незалежных беларусаў.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя






