Жыццё з нуля. Гісторыі беларусаў, якім у эміграцыі давялося пачынаць усё спачатку і засвойваць новыя прафесіі.
Гісторыя 8. Анастасія Сасыкбаева скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны. У Беларусі працавала настаўніцай беларускай і англійскай моваў, педагогам-арганізатарам, рэпетытарам.

З роднага Гомеля Анастасіі давялося з’язджаць напрыканцы 2020. У Польшчы яна працавала ў многіх месцах: у тым ліку, на карэйскім заводзе. Цяпер Анастасія Сасыкбавева працуе як рэпетытарка англійскай і беларускай моў. А таксама арганізавала клуб для падлеткаў “Спадчына”.
Анастасіі Сасыкбаевай давялося з’язджаць напрыканцы 2020 года, за два тыдні да новага году. Да гэтага яна была суарганізатаркай валанцёрскага руху, які займаўся дапамогай сем’ям затрыманым за акцыі пратэсту. Акрамя валанцёрскага руху Анастасія ладзіла акцыі з гомельскімі партызанамі.
— У нашым раёне на Валатаве шмат азёр, мы зрабілі такую акцыю: намалявалі вялікія бела-чырвона-белыя сцягі на азёрах, бо акурат ужо лёд быў. А на наступны дзень зранку каля пад’ездаў ужо вісела мае фота і яшчэ адной дзяўчыны з надпісам “У вашым доме жыве твар пратэсту”. У гэты ж дзень мы мусілі ехаць на офіс “Вясны”, бо патрэбная была дапамога дзвюм сем’ям. Я з працы (на той момант я ўжо працавала не ў школе, а рэпетытарам) заехала па адну з валанцёрак, а ў яе ўжо ўвесь двор быў у міліцэйскіх машынах, у пад’езд пускалі толькі па дакументах ці пры наяўнасці ключа ад кватэры. Я фары прыглушыла і напісала мужу пра ўсю сітуацыю. А ён мне на гэта адказаў: “Ты не здзіўляйся, але тут у нас дакладна такая ж.” То бок я са сваёй аблавай размінулася на некалькі хвілін. На наступны дзень мне пазваніла дзяўчына, якая была ў “партызанскай” суполцы і паведаміла, што ўсіх здала і адкрыла чат, дзе я была ўладальніцай. Гэта была закрытая супольнасць, дзе мы абмяркоўвалі нашы акцыі. Было прынята рашэнне хутка выязджаць. Мы забралі дакументы і паехалі ў бок Украіны, бо заставацца ў Беларусі было небяспечна. — згадвае Анастасія Сасыкбаева апошнія дні перад эміграцыяй.

Ва Украіне Анастасія з сям’ёй трапіла ў чарнігаўскі Дом правоў чалавека. А праз некалькі месяцаў, у сакавіку 2021, яны былі ўжо ва Уроцлаве. Валанцёрка прызнаецца, што ў першыя месяцы было цяжкавата ўладкоўваць побыт. Першы год быў цяжкі і з маральнага пункту гледжання. У Анастасіі была моцная дэпрэсія, з якой ёй удалося выкараскацца дзякуючы дапамозе псіхолага. Валанцёрка распавядае пра свае адчуванне на той момант:
— У маім атачэнні ў Гомелі не было адчування, што мы прайгралі. Мы змагаліся да канца, наша партызанская суполка злавала ўсю гэтую ўладу. Яны нас не маглі доўга знайсці. Мы рабілі спачатку акцыі “Гомель кожны дзень”, потым “Гомель кожны тыдзень”. У нас была супольнасць, куды ўваходзіла шмат гомельцаў, з якімі мясцовыя ўлады доўгі час не маглі нічога зрабіць. Мы верылі, што мы штосьці можам і будзем рабіць. А пасля, калі хтосьці з тваіх проста адкрыў чат, у выніку чаго многія людзі, якія не змаглі выехаць, аказаліся пад рэпрэсіямі. А ты ў гэты ж час змог уратавацца, але разумееш, што не ў Беларусі, а таму не зможаш ужо рабіць нейкія партызанскія дзеянні, бо гэта бессэнсоўна. І ты нічога не зможаш рабіць, адчуваеш бездапаможнасць, што не можаш ні на што ўплываць, а твае знаёмыя людзі знаёмыя, можна сказаць, сябры знаходзяцца пад катаваннямі.
Першы год пасля пераезду Анастасія працавала ў многіх месцах. Ёй давялося шукаць працу не па спецыяльнасці, бо немагчыма было ўладкавацца настаўніцай, паколькі дыплом Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Польшчы не прызнаецца. А для праходжання працэсу настрыфікацыі неабходна вывучыць польскую мову на пэўным роўні. А для гэтага трэба мець час, сродкі і, сама галоўнае, сілы, якіх пасля пераезду з Беларусі не стае.

Спачатку Анастасія Сасыкбаева ўладкавалася на працу прадаўшчыцай пончыкаў. “Падпрацоўку мне даў адзін наш беларус, у кватэры якога мы нават жылі, калі прыехалі, першыя тры месцы. Дзякуй яму вялікі за дапамогу. Цудоўны чалавек. Дарэчы пончыкі тыя вельмі смачныя”. — распавядае валанцёрка.
Пасля яна ўладкавалася на карэйскі завод, дзе трэба было праглядаць дэталі на брак. Там былі змены па 10-12 гадзін. Аднак на заводзе Анастасія доўга не прапрацавала:
— Нягледзячы на тое, што я была маральна зламаная і не было моцы займацца інтэлектуальнай працай, аднак там было цяжка працаваць. Нельга было ні прысесці, ні абаперціся на локаць, перапынкі па званку. І там рэальна такі гучыць гук “дзынь” — і ўсе ляцяць па сваіх справах, бо мала часу на тое, каб зрабіць усе справы: схадзіць у туалет, паесці і пакурыць таму, хто курыць. Пасля перапынку ўсе хуценька вяртаюцца назад. Усё вельмі строга. Пры гэтым малады хлопец будзе сядзець насупраць вас і пільнаваць, каб ты стаяў, як струнка. Я жартавала, што пугі толькі не хапае.
Потым Анастасія працавала ў сетцы крам брэндавых сэканд-хэндаў. Гэта была работа на складзе, калі трэба было абразаць старыя цэннікі і прычапляць новыя. Там праца таксама была на нагах, у тры змены. Але, прызнаецца Анастасія, было лагоднае кіраўніцтва і нармальныя ўмовы. Толькі гамяльчанка захварэла надоўга. І праз вялікую колькасць бальнічных яе звольнілі. Пасля яна працавала на прыборцы пад’ездаў, мыла посуд, мясіла цеста і чысціла бульбу ў пельменнай (pierogarni). Аднак сама складаная праца было ўсё-такі на карэйскім заводзе. “Гэта я не забуду ніколі ў жыцці.” — адзначае Анастасія і згадвае свой першы дзень на тым прадпрыемстве:
— Гэты завод уяўляе сабой вялікую прастору, дзе няма аніякіх сцен і дзе стаяць розныя лініі. Наша лінія кантролю была далёка ад выхаду. Каб выйсці, трэба было прайсці праз усю вялізную залю. У першы дзень, калі празвінеў званок, усе пабеглі да выйсця. Я падумала: “Што вы людзі носіцеся, няўжо пешшу нельга прайсці?!” І я пайшла пешшу. Я паспела толькі перасячы усю залю, схадзіць у туалет (добра, чаргі не было ўжо), памыць рукі і выйсці з туалета. Нават вады не паспела папіць. Таму на другі дзень, калі ўжо быў званок, я ўжо таксама бегла, як усе, таму што інакш ты проста не паспяваеш нічога зрабіць.
Цяпер Анастасія працуе рэпетытаркай, праводзіць анлайн-заняткі з дзецьмі па англійскай ці беларускай мовах. Таксама яна заснавала клуб для падлеткаў “Спадчына”. “Гэта не самыя вялікія грошы, але іх хапае на арэнду кватэры і закрыццё жыццёвых патрэб.” — гаворыць валанцёрка.

Гамяльчанка ў разе змен хацела бы вярнуцца ў родны горад: “Уся мая праца цяпер скіраваная на тое, каб атрымаць пэўны досвед і потым яго перанесці ў Беларусь. Калі будуць змены, то мы разумеем, што вярнуцца не ўсе. Але тыя, хто будзе вяртацца (а гэта таксама і беларускія дзеці, падлеткі), то будуць прыязджаць у Беларусь як тыя ж эмігранты. Бо давядзецца зноў інтэгравацца ў грамадства, якое цяпер жыве без нас у цяжкіх умовах таталітарызму. І нашым дзецям, якія выхоўваюцца ў іншых умовах, давядзецца зноў неяк інтэгравацца, зноў шукаць сяброў. Яны будуць, хоць і на радзіме, як эмігранты. І ім трэба будзе дапамога і падтрымка. Таму я планую свой цяперашні досвед працы з падлеткамі дакладна перанесці як мінімум на Гомель.”.
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя






