BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Анастасія Шпакоўская: Было цяжка, але мы ўсё ж стварылі сваю школу

Першая беларуская анлайн школа пачынае набор на новы навучальны 2025/26 год. Дзякуючы ініцыятыве вучні могуць атрымаць поўнавартасную адукацыю з захаваннем прадметаў беларускага напрамку і атэстацыю дзяржаўнага ўзору Украіны.

Госця Рацыі – заснавальніца ўстановы, актрыса і музыка Анастасія Шпакоўская – распавяла нашай журналістцы Марыне Савіцкай пра дзейнасць школы.

РР: З якімі вынікамі вы завяршаеце навучальны год?

Анастасія Шпакоўская: Вынікі нашыя сведчаць пра тое, што нашая школа, на шчасце, жыве, на шчасце, развіваецца, нягледзячы на ўсе складанасці. Вынік наш такі: за пяць год існавання школа агулам дапамагла 254 вучням, якія вучыліся ў нашай школе. Школа наша выдала 54 атэстаты пра базавую адукацыю і 24 атэстаты сярэдняй адукацыі дзяржаўнага ўзору Украіны. Калі караценька, то вось такія вынікі.

РР: Па якіх накірунках адбываюцца заняткі?

Анастасія Шпакоўская: Галоўнае, што тычыцца нашай школы, у адрозненні ад усялякіх іншых школ, – гэта тое, што мы захоўваем цалкам беларускі вектар прадметаў – гэта беларуская мова, беларуская літаратура, гісторыя Беларусі, нават у нас ёсць гісторыя беларускага мастацтва. І нашая такая зорачка – гэта ўрокі дабрыні з Маляванычам. Базіруецца нашая школа ўся цалкам на ўкраінскай праграме. І дзякуючы таму, што мы супрацоўнічаем з украінскай навучальнай установай, мы сваім вучням выдаём атэстаты дзяржаўнага ўзору Украіны.

РР: Наколькі складана было дамовіцца, каб былі такія сур’ёзныя атестаты?

Анастасія Шпакоўская: Першыя крокі, якія я рабіла яшчэ ў 2020 годзе, былі няпростыя, таму што ніхто не разумеў увогуле, што гэта за праект. Было складана данесці гэтую думку. А паколькі я не настаўнік і да такой прафесійнай адуцыі не маю ніякага дачынення, канешне, я не была ўпэўнена, што нешта атрымаецца. Але, дзякуй сувязям, дзякуй сустрэчам, дзякуй шыкоўным украінскім людзям, якія сустрэліся на шляху, усё атрымалася. А другі быў такі складаны час, калі пачалася вайна. Таму што эмацыйна, калі з тэрыторыі Беларусі ляцелі ракеты ў бок Украіны, канешне, было складана ўкраінскім настаўнікам працаваць з беларускімі дзецьмі. І мы шмат размаўлялі з кіраўніцтвам украінскай школы і з настаўнікамі, каб данесці гэтую думку, што гэта дзеці тых людзей, якія змагаліся за свабоду Беларусі, што гэта не звычайныя сем’і, не звычайныя людзі, што ў асноўным гэта людзі, якія пацярпелі ад гэтага рэжыму і вымушаны былі з’ехаць з Беларусі, ці знаходзіцца ў Беларусі ў складаных абставінах. Усё з-за таго, што змагаліся са свабоду Беларусі. І калі б мы перамаглі, то гэтай вайны з боку Беларусі не адбылося б.

РР: У якім фармаце адбываецца навучанне ў вашай школе?

Анастасія Шпакоўская: Фармат – анлайн, што дае нам магчымасць збіраць беларусаў, раскіданых па свеце, а ў нас вучні вучацца больш чым з 12-ці краінаў, гэта і Польшча, і Беларусь, і Літва, Паўночная Македонія, Грузія, Нямеччына, Кіпр, Турэччына, Партугалія, Арабскія Эміраты, Чарнагорыя, ЗША, Японія. Вось з такіх краін вучацца ў нас вучні. А адбываецца ўсё ў звыклым фармаце – гэта звычайныя заняткі з настаўнікам у класах, і ўсё адбываецца як у звычайнай школе.

Цалкам размова:

Падтрымаць школу можна на платформе “Buy me a coffee”: https://buymeacoffee.com/byschool
Больш інфармацыі – на сайце ( https://byschool.com.ua/ ) і ў тэлеграм-канале ўстановы (https://t.me/byschool2020 ).

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіву Анастасіі Шпакоўскай.