BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Анастасія Шпакоўская расказала пра Першую беларускую анлайн школу

Літаральна праз два месяцы ў Першай беларускай анлайн школе ва Украіне пачнецца новы навучальны год. Ужо чатыры гады запар дзеці беларусаў пераважна ў эміграцыі выкарыстаюць такую адукацыйную магчымасць, — распавяла нашая сённяшняя Госця Рацыі, дырэктар школы Анастасія Шпакоўская. Падрабязней — у гутарцы з Алісай Поль:

РР: Як ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага году?

— Ідзе поўным ходам. Цяпер гарачы час, калі ў нас прымаюцца астатнія заяўкі. Дарэчы, мы працягваем набор. У нас пачатак году будзе 9-га верасня і ў нашых патэнцыйных бацькоў ёсць мажлівасць яшчэ паспець уладкавацца ў нашую цудоўную школу.

Цяпер працуем з дакументамі аб залічэнні новых вучняў, працуем над раскладам, над тэхнічнымі ўсякімі пытаннямі, якія патрэбна будзе праверыць перад пачаткам. Працуем, працуем, працуем. І запрашаем новых вучняў далучыцца да нас як мага хутчэй.

РР: Давайце раскажам аб працэдуры залічэння патэнцыйнага вучня ў вашую школу. Якія дакументы павінныя прадаставіць бацькі і ў якім парадку звярнуцца?

— У ідэальным варыянце, адбываюцца такія паступовыя дзеянні: бацькі звяртаюцца да нас, мы пацвярджаем згоду на залічэнне вучня, потым нашая школа выдае спраўку аб залічэнні, на падставе гэтай спраўкі ў мінулай школе павінныя выдаць дакументы вучню. Але ж рэч у тым, што нашыя вучні збольшага да нас далучаюцца з Беларусі і праблема з дакументамі яна дзесці ў 70-80% ёсць. За чатыры гады існавання школы мы ўжо навучыліся любыя праблемы з дакументамі вырашаць. І гэтую паступовасць, пра якую я расказала, можна парушаць і вырашаць ужо праблемы з дакументамі ў тых абставінах, у якіх знаходзяцца бацькі. То бок мы можам нават залічыць вучня без дакументаў з надзеяй, што потым нешта атрымаецца дабыць з беларускай школы. Ёсць розныя складаныя варыянты, але з усімі варыянтамі мы працуем і ўсё ў нас атрымліваецца. Таму такіх абавязковых патрабаванняў наконт дакументаў няма і мы прымаем нашых беларускіх дзяцей у любых дакументарных абставінах, і чалавечых таксама.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

Першая беларуская анлайн школа ва Украіне прапануе камфортнае і зручнае навучанне для дзяцей у 4-10 класах. Вывучаецца беларуская мова і літаратура, паглыблена — ангельская мова і асновы ІТ, але большасць прадметаў праграмы выкладаецца па-расейску.

Беларускае Радыё Рацыя