Адна з галоўных задач дэмакратычных сіл – праз выбары стварыць з Каардынацыйнай рады незалежны легітымны орган парламенцкага тыпу. Такі крок можа аб´яднаць беларускае грамадства. Пра стварэнне такога органа, які будзе мець законную сілу і на міжнароднай арэне, мы размаўляем з госцем Беларускага Радыё Рацыя, сябрам аргкамітэта па правядзенні выбараў, каардынатарам грамадска-палітычнага аб´яднання «Нацыянальна-дэмакратычная платформа» Анатолем Фёдаравым.

РР: Спадар Анатоль, вы не ў Каардынацыйнай радзе?
Анатоль Фёдараў: Не, я не ў Каардынацыйнай радзе.
РР: Але вы прапаноўвалі сваю кандыдатуру, калі стваралася Рада?
Анатоль Фёдараў: Не прапаноўваў, тады яшчэ быў у вельмі цяжкім стане, толькі яшчэ прыехаў, калі фармаваўся другі склад Каардынацыйнай рады.
А зараз я ўваходжу ў аргкамітэт па правядзенні выбараў.
РР: Самі ці вас запрасілі ўвайсці ў аргкамітэт?
Анатоль Фёдараў: З нашага боку была прапанова стварыць круглы стол грамадскіх і палітычных аб’яднанняў, каб разам выпрацаваць, што мы выбіраем, якія будуць паўнамоцтвы ў гэтага органа, то бок які інстытут мы абіраем і якія ў яго будуць паўнамоцтвы. І таму я пайшоў у гэты аргкамітэт.
РР: Пагадзіліся на гэты круглы стол сябры Рады?
Анатоль Фёдараў: Каардынацыйная рада прапанавала зрабіць у выглядзе аргкамітэта, і вось у аргкамітэт былі запрошаныя прадстаўнікі розных грамадскіх і палітычных аб’яднанняў.
РР: Вы былі на пасяджэнні аргкамітэта?
Анатоль Фёдараў: Так, я быў на ўсіх пасяджэннях аргкамітэта. І мы адзіныя там, хто ставіць пытанне, каб ператварыць Каардынацыйную раду ў інстытут парламенцкага тыпу, фактычна протапарламент, і надаць адпаведную назву. Не Каардынацыйная рада, таму што Каардынацыйная рада – гэта асамблея няўрадавых арганізацый. Так запісана ў статуце гэтага аб’яднання і так запісана ў тым праекце выбарчай кампаніі, якую рада вырашыла правесці. Мы прапануем абсалютна іншае.
РР: Што адказалі на прапанову іншыя, хто быў з вамі на пасяджэнні аргкамітэта?
Анатоль Фёдараў: Зараз ідзе галасаванне, намі прадстаўленае дэтальнае абгрунтаванне. Мы не проста сказалі вось так на эмоцыях, мы прадставілі абгрунтаванне і прадаставілі праекты рашэнняў. Зараз яны пастаўленыя на галасаванне, у аўторак будуць канчаткова ясныя вынікі галасавання.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя





