BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Андрэй Аўсіевіч: Без перадач, без крамы ў калоніі не выжывеш

Сённяшні Госць Рацыі – былы палітвязень родам з Гародні,  сын святара, 30-гадовы Андрэй Аўсіевіч. Ён быў асуджаны на тры з паловай гады калоніі агульнага рэжыму за 2 каментары: адзін з іх – абраза ўчастковага,  а другі – зварот да міліцыянтаў прытрымлівацца законаў, інакш у будучым з імі здарыцца штосьці дрэннае. Апошні каментар спачатку расцанілі як пагрозу забойствам, потым як прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. І калі эксперт-лінгвіст не ўбачыў аніякай пагрозы, тады  пракурор Людміла Герасіменка і суддзя Мікалай Рачынскі азначылі каментар як распальванне варожасці ці варажнечы, што пацягнула на тры гады. Адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №15 Магілёва. Сёння мы пагаворым з Андрэем пра тое, што яму прыйшлося перажыць за кратамі рэжыму.

РР: Што Вы там рабілі?

Андрэй Аўсіевіч: Спачатку мяне прызначылі на лучыну. Там цэлы працэс, дошкі пілуюць на больш тонкія, а пасля – на лучыну. У выніку ты збіраеш іх у пакет і перыядычна ў баках падымаеш на другі паверх. Бакі вельмі цяжкія. Усе вязні выстройваюцца ў ланцужок, бяруць бакі ў дзве рукі і змейкай падымаюцца наверх. Але пасля, калі ўвялі санкцыі, закрылася вытворчасць лучыны. І мяне ўжо перавялі на ачыстку правадоў. Фізічна можа не так цяжка, але маленькі цэх, там увесь час пыл, мазут, бруд. Дыхаць там вельмі цяжка, пастаянны смурод, памыцца пасля такой працы немагчыма, толькі ў рукамыйніку халоднай вадой ці ўжо ў атрадзе таксама халоднай вадой.

РР: Колькі плацілі вам?

Андрэй Аўсіевіч: Максімальна мне заплацілі тры беларускія рублі за месяц.

РР: Як Вы можаце ахарактэрызаваць харчаванне ў калоніі?

Андрэй Аўсіевіч: Ежа, не сказаць, што вельмі жудасная. Але вельмі нізкай якасці. То бок адчуваецца, што некаторыя прадукты з цвіллю, як быццам яны пратэрмінаваныя, але ўвогуле, есці можна. Але, думаю, што без перадач, без крамы, наўрад ці выжывеш.

РР: Грошы можна было прысылаць?

Андрэй Аўсіевіч: Спачатку так, але калі ўнеслі ў спісак “тэрарыстаў”, тады ўжо не.

РР: Дазвалялі Вам пасылкі, перадачы?

Андрэй Аўсіевіч: Некалькі разоў пазбаўлялі пасылак, у астатнія разы дазвалялі пасылкі і перадачы. На спатканні я сам не хадзіў, таму не магу сказаць, што мяне не пускалі. Бо я сам не хацеў. Бацькі хацелі прыехаць, але я гаварыў, што не трэба ехаць сюды. Проста я не вельмі хацеў, каб яны бачылі ўсіх гэтых, нават супрацоўнікаў, таму я сам гаварыў не прыязджаць.

РР:  Было такое, што Вас збівалі вязні-крымінальнікі?

Андрэй Аўсіевіч: Не, не было такога.

РР: “Палітычныя” паміж сабой сябруюць?

Андрэй Аўсіевіч: У асноўным, так. Большасць сябруюць, падказваюць, але ёсць такія , якія зусім выпадкова трапляюць і гавораць, што ён зусім не пры чым, не вінаваты, увогуле на іхным баку. І такія часцей за ўсё цураюцца. І супрацонікі не вельмі радыя, калі “палітычныя” маюць зносіны, і імкнуцца раздзяляць, больш за два не збірацца. Калі бачаць, што “палітычныя” сабраліся хаця б учатырох папіць гарбаты, то нехта хутчэй за ўсё паедзе ў ШІЗА.

РР: З жоўтай біркай хадзілі?

Андрэй Аўсіевіч: Канешне. Мне спачатку ў Гарадзенскай турме паставілі трэці прафулік “схільны да нападу на супрацоўнікаў адміністрацыі, праяўленне агрэсіі і захоп закладнікаў”, а калі ўжо прыехаў у калонію, месяцы праз тры павесілі “схільны да экстрэмізму” – гэта дзясяты ўжо прафулік.

Дапамагчы былому палітвязню матэрыяльна можна, пералічыўшы грошы на рахунак PI7 1102035410000510204041232 – IBAN   Ausiejevich.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя