BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Андрэй Ажароўскі пра маўчанне атамшчыкаў пра планавае адключэнне БелАЭС і выдачу ёдных таблетак

Беларуская АЭС у апошні час зноў прыцягнула да сябе ўвагу. Пасля аварыйнага адключэння другога энергаблока і наступнага прастою ўсёй станцыі жыхары Астраўца пачалі атрымліваць аварыйныя камплекты з ёдазмяшчальнымі прэпаратамі. Афіцыйна – гэта стандартная сусветная практыка, але ўзнікае пытанне: чаму менавіта цяпер? Ці звязана гэта з нядаўнімі праблемамі на БелАЭС? Наколькі бяспечная станцыя і якая яе будучыня?

Сённяшні «Госць Рацыі» – фізік-атамшчык, удзельнік Беларускай антыядзернай кампаніі, прадстаўнік Праграмы бяспекі радыеактыўных адкідаў Андрэй Ажароўскі.

Пагаворым пра тое, што адбываецца з БелАЭС, наколькі апраўдана выдача ёдных таблетак і ці можа станцыя спыніць работу канчаткова.

Андрэй Ажароўскі: Падрыхтоўка да мінімізацыі наступстваў радыяцыйнай аварыі – гэта рэч вельмі правільная. Вельмі шкада, што ў Астраўцы чакалі пару гадоў, таблеткі варта было раздаваць да таго, як запусцілі БелАЭС. Па шчаслівай выпадковасці пакуль радыяцыйнай аварыі не адбылося, але ж яна можа адбыцца ў любы момант. Гэта звычайная мера асцярогі. Больш за тое, раздача ёдных прэпаратаў запісана ў беларускім заканадаўстве. Гэта абавязак дзяржавы забяспечыць насельніцтва ёднымі прэпаратамі. Далей там узнікае цікавае пытанне: сказана, што мусяць быць арганізаваныя пункты выдачы. Калі не раздаваць прэпараты, як зараз, пакватэрна, то ёдная прафілактыка губляе сэнс. У чым яе сэнс? Калі адбываецца аварыя на рэактары, напоўніць арганізм стабільным ёдам, не радыеактыўным, каб, калі гэты арганізм трапляе ў радыеактыўнае воблака, ён менш атрымаў шкоды ад радыеактыўнага ёду. У выпадку, калі ёдны прэпарат знаходзіцца дзесьці ў муніцыпалітэце, то атрымаецца, што пасля сігнала радыяцыйнай аварыі, калі такі будзе, узнікнуць чэргі для атрымання гэтага ёднага прэпарата. Таму, так, у 100-кіламетровай зоне трэба праводзіць такія дзеянні. Далей, канешне, патрабуецца кампанія тлумачэння, што ж гэта за таблетк і калі іх трэба ўжываць і ў якіх дозах. Трэба падумаць пра іншыя ізатопы – цэзія, стронцыя. Тых, асноўных, сумнавядомых пасля Чарнобылю, ізатопах-забойцах, якія могуць выйсці ў навакольнае асяроддзе і могуць пачаць забіваць людзей у выпадку радыяцыйнай аварыі.

РР: Мы маем сітуацыю, калі БелАЭС прастойвае  са снежня, прыходзяць розныя чуткі пра тое, што там адбываецца. Як, на Вашую думку, чаму часова прыпынена праца БелАЭС і ці можам казаць, што вось гэтая раздача таблетак звязана з тым, што чакаюцца нейкія адмоўныя вынікі?

Андрэй Ажароўскі: Мне падаецца, што гэта розныя працэсы. Ёсць частка тэрыторый Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца пад уздзеяннем расейскіх атамных станцый, гэта станцыі з чарнобыльскімі рэактарамі, і там нават не трэба будаваць тэорыі, мы на практыцы ведаем, наколькі гэтыя ўстаноўкі небяспечныя. І вось там таксама чакаем паведамленняў, што пачнецца раздача таблетак.

Па прастоях БелАЭС, па-першае, праведзены, як я зразумеў, практычны эксперымент па стабільнасці работы энергасістэмы Беларусі без ніводнай кілават-гадзіны электраэнергі ад АЭС. Каля 50 дзён увогуле АЭС не вырабляла электраэнергію, нейкай катастрофы не адбылося, энергасістэма працавала. Гэта вельмі цікавы доказ таго, што тэзіс пра тое, што можна хоць зараз адключыць АЭС і неба на зямлю не абрынецца, энергасістэма краіны не распадзецца. Гэты тэзіс знайшоў доследнае пацвярджэнне.

Па дадзеных, што ў іх зламалася. Сітуацыя для мяне дзіўная. Калі атамшчыкі не паведамляюць грамадству пра няпланавае адключэнне, пра прычыны гэтага адключэння можна толькі здагадвацца. Прычыны таго, што атамшчыкі і ўрад могуць так сябе паводзіць, канешне, палягае на тым, што грамадскія экалагічныя арганізацыі, якія займаліся маніторынгам сітуацыі, крытыкай станцыі, аб’яўлены “экстрэмісцкімі фармаваннямі” і выціснутыя з краіны. І атрымалася, што няма грамадскага кантролю за атамшчыкамі. А мы ведаем па часах СССР, што калі няма грамадскага кантролю, то якраз і адбываюцца радыяцыйныя катастрофы.

Па канкрэтыцы, энергаблокі працуюць горш, чым расейскі забудоўшчык абяцаў. Разумееце, пасля таго, як БелАЭС уведзена ў строй, застаецца насельніцтву краіны рыхтавацца да радыяцыйнай аварыі, быць і маральна падрыхтаванымі, і мець разуменне, як працую прэпараты-пратэктары.

Цалкам гутарка:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя