Госці Рацыі: Андрэй Гнёт – беларускі рэжысёр, журналіст, які быў затрыманы ў Сербіі па патрабаванні ўладаў Беларусі, і Ганна Маціеўская – ягоная адвакатка.
РР: Паведамлялася пра тое, што эвакуявалі цябе з Сербіі. Мы прызвычаіліся, што слова эвакуацыя больш гучыць у дачыненні да Беларусі, калі людзей эвакуююць. Па-першае, вітаем на волі! А па-другое, распавядзі і патлумач нам гэтае слва – эвакуацыя. Як гэта адбывалася?
Андрэй Гнёт: Дзякуй вялікі за запрашэнне ў эфір! Зараз я ўжо на свабодзе і мне трэба прызвычаіцца да гэтага, бо пакуль я яшчэ не ўцяміў гэта, яшчэ не зразумеў. Бо год я знаходзіўся ў абмежаванні волі, спачатку за кратамі, потым пад хатнім арыштам. Чаму я кажу пра эвакуацыю? Таму што гэта была спецыяльная аперацыя. Я не пакінуў Сербію як звычайны чалавек, які ўзяў свой чамадан і пашпарт і паехаў у аэрапорт, так не адбывалася. Гэта была наўмысная падрыхтоўка. І гэта быў вялізны працэс, які рыхтаваўся амаль што з з самага першага дня майго зняволення, мы да гэтага ішлі крок за крокам, вельмі павольна, на жаль, і цяжка мы да гэтага ішлі. Але мы да гэтага ішлі год. Ішлі да таго, каб мяне вызвалілі і прыйшлі да таго, што гэта эвакуацыя, што гэта такая спецаперацыя па маім вызваленні і па маім вывазе з Сербіі.
Бо калі мы дайшлі да той кропкі, дзе мяне павінны былі вызваліць, то мы зразумелі, што вызваляць мяне толькі з-пад хатняга арышту, але з краіны мяне не вызваляць. Існавала амаль 100% верагоднасць таго, што я застануся ў Сербіі пад нейкай падпіскай аб нявыездзе, ці яшчэ больш жорсткімі абмежаваннямі – нават эміграцыйная турма ўсплывала. Таму былі падключаны яшчэ большыя рэсурсы – і НАУ, і рэсурсы Офіса Святланы Ціханоўскай, і ўсе магчымыя юрыдычныя і адвакацкія рэсурсы, дыпламатычныя – галоўным чынам Германія і Польшча тут спрацавалі вельмі добра і адміністрацыя Вучыча, то бок мы дагрукаліся амаль што да самога Вучыча, каб гэта ўсё зрабіць. І мяне вывозілі на дыпламатычным транспарце, менавіта намеснік нямецкай амбасады на сваёй уласнай машыне вёз мяне ў аэрапорт і потым перадаваў у рукі сербскім спецслужбістам і паліцыянтам, якія праводзілі мяне праз пашпартныя кантролі і заводзілі персанальна ў самалёт як такую супер віп-персону.
РР: Гэта было дамоўлена на нейкім роўні, што ты такім чынам пакінеш Сербію?
Андрэй Гнёт: Чаму я кажу, што гэта была спецаперацыя? Таму што гэта рабілася сакрэтна, і таму што мы ведалі дакладна, што ёсць розныя плыні, якія ўплывалі і на тое, каб не выпусціць мяне з Сербіі. І мы балансавалі па вельмі тонкім лёдзе. І Нямецкая амбасада ўзяла на сябе вялізную палітычную адказнасць, бо гэта мог быць палітычны скандал, што яны мыне вывозілі. Гэта не была зусім адкрытая дамоўленасць паміж урадамі і дыпламатамі. Гэта ўсё ж было непублічна і неафіцыйна. І я павінен быў усё гэта трымаць у суперсакрэтным рэжыме.
РР: Ганна, на якой зараз стадыі справа Андрэя Гнёта ў Сербіі?
Ганна Маціеўская: Я магчыма вас усіх здзіўлю, але справа Андрэя, насамрэч, тэхнічна з юрыдычнага пункту гледжання не закрыта. Апеляцыйны суд адправіў на дапрацоўку справу ў суд першай інстанцыі – ён называецца Вышэйшы суд Бялграда. Нам удалося адбіць справу ў апеляцыі, то бок, яна была на карысць Андрэя ў гэтым выпадку. І глядзіце, якая ёсць юрыдычная асаблівасць. Таму што з пункту гледжання працэсу экстрадыцыі мера стрымання не можа быць вызначана больш чым на 1 год. То бок, нам удалося ўтрымліваць гэты працэс, гэта таксама быў такі “фінт вушамі”, каб так зацягнуць гэту справу, каб так падоўжыць, каб выйграць апеляцыю, каб таксама абараніць, каб пашпарт застаўся ў Андрэя, бо ўвесь гэты час Андрэй меў з сабой пашпарт. Гэта дало нам магчымасць, каб у яго з’явілася віза ў гэтым пашпарце, каб можна было яго вывезці. І мера стрымання не можа быць вызначана больш чым на год.
Але мы ведалі, што ёсць рызыка таго, што калі б Андрэй звярнуўся на граніцы, магла б быць такая сітуацыя з галіны міграцыйнага права. Таму што калі Андрэй уязджаў у Сербію, яму не паставілі ніякую пячатку. Яго затрымалі і адразу кінулі ў турму Бялграда. То была рызыка, што калі б Андрэй з’явіўся на мяжы, гэта было б на рашэнне пагранічнай службы – ці яго выпусцяць з Сербіі, ці пачнуць адміністрацыйную працэдуру з міграцыйнага права, у якім Андрэя маглі і затрымаць, і падпіску аб нявыездзе накласці, а таксама змясціць у зачынены лагер для ўцекачоў. Таму нашай задачай было скарыстацца вось гэтым акенцам магчымасцяў, і крыху карыстаючыся недасканаласцямі сербскай працэдуры, з аднаго боку, а з другога боку, мінімізаваць рызыкі. І тут дзякуй вялікі менавіта дыпкамандзе, таму што тут юрыдычна мы маглі зрабіць усё магчымае, але каб мінімізаваць рызыкі, нам дапамагалі Нямецкая амбасада і Польская таксама, таму што Андрэй уязджаў тэхнічна на тэрыторыю Еўразвяза праз польскую мяжу.
РР: Ці адчуваеш ты сябе ў бяспецы на тэрыторыі Еўразвязу з улікам таго, што справа не закончылася?
Андрэй Гнёт: Канешне, зараз я адчуваю сябе ў бяспецы. Канешне, я адчуваю, што ніхто мяне на катаванні і смерць не экстрадыруе. І зараз гэта іншыя адчуванні, але яны прыходзяць паступова, трэба каб прайшло некалькі дзён, каб я сябе адчуў нармльным чалавекам. І наконт візы я хацеў сказаць. Гэта была вялізная праца дыпламатычная, якая рабілася непублічна з боку Паўла Паўлавіча Латушкі і НАУ. І гэта была вялізная праца, якая рабілася з чэрвеня 2024 года.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя