Звыш 1000 дзён — столькі за кратамі знаходзіцца палітвязень з Берасцейшчыны Андрэй Кандрасюк. Затрыманы па крымінальнай палітычна матываванай справе за нібы „ўдзел у масавых беспарадках“.

Жыхар Берасця Андрэй Кандрасюк быў затрыманы па справе, узбуджанай пасля падзеяў у Берасці 9-10 жніўня 2020 года. Яму прад’яўленая ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — Удзел у масавых беспарадках.
Адметна тое, што палітвязень быў моцна збіты АМАПам падчас акцыі пратэсту. У РАУС міліцыя выклікала хуткую, Андрэй Кандрасюк трапіў у лякарню. Па факце збіцця была пададзена заява ў Следчы камітэт на ўзбуджэнне крымінальнай справы, паколькі мужчына меў траўму галавы і гематомы па ўсім целе.
Нягледзячы на гэта, Андрэй Кандрасюк быў затрыманы ў межах крымінальнай справы. Спачатку змешчаны ў СІЗА, а пасля быў адпраўлены годна прысуду на чатыры гады пазбаўлення волі ў калонію ва ўмовах узмоцненага рэжыму №15.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя






