Сённяшні госць Беларускага радыё Рацыя — Андрэй Лаўрухін. Эксперт у галіне адукацыі, акадэмічны дырэктар Інстытута развіцця сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе. Гутарым з ім пра новую тэндэнцыю ў беларускай школе – профільныя класы пракурораў, мытнікаў, памежнікаў і іншых сілавікоў. Размаўляе з ім наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч.

РР: Пракуратура тут нядаўна паабяцала, што спецыялізаваныя класы тыпу «Юны пракурор» будуць цяпер у кожным рэгіёне Беларусі, хаця іх і зараз багата. Як вы лічыце, ці сапраўды дзяржава рыхтуе сабе кадры з такіх маладых гадоў ці гэта проста іміджавы крок?
Андрэй Лаўрухін: Я лічу, што рыхтуюць усё ж такі кадры. Там чатыры ўжо створаныя класы па ўсёй Беларусі і вось пяты – у 38-ай гімназіі ў Менску.
Вы ж ведаеце, што тыя пракуроры, якія зараз выносяць прысуды, самі могуць трапіць на лаву падсудных, калі будзе сапраўды Закон у дзяржаве і будзе сапраўдны юрыдычны працэс. Пад яго падпадаюць таксама тыя пракуроры, якія выносяць ілжывыя прысуды па палітычных наветах і гэтак далей. Таму ім тут трэба менавіта стварыць такую новую генерацыю пракурораў, якія будуць, па-першае, цалкам залежныя ад усіх сённяшніх пракурораў. Гэта ж такі сацыяльны ліфт, дзе нават Швед прыходзіць і расказвае, як яны будуць вучыцца, і сам за руку вядзе ўсіх, быццам бацюшка асвячае гэты працэс. І па-другое, яны будуць трактаваць усе гэтыя справы менавіта так, як трэба, адпаведна па палітычных патрабаваннях, а не заканадаўчых. Таму што калі яны будуць самі па сабе выхоўвацца, гэтыя пракуроры, то яны будуць трымацца Закона і ўбачаць адразу, што гэта такія юрыдычныя справы, якія «шытыя белымі ніткамі». І тады сённяшнія пракуроры трапяць на лаву падсудных. Вось гэта сапраўдны жах і Шведа, і тых, хто выносіў прысуды, і выносіць іх зараз.
Таму я лічу, што гэта не наўпрост, гэта, канешне, і такі пасыл, што не толькі мы, але і хто будзе пасля нас, таксама будуць жыць па гэтых законах. І гэта, безумоўна, такі сігнал пра тое, што не скончыцца ўсё тым, што калі мы сыдзем і састарэем, будуць і нашыя дзеці, і тыя, хто прыйдзе за намі. І таксама будуць жыць па гэтых законах. І вось тут, мне падаецца, усё ж такі больш жаху апынуцца на лаве падсудных.
РР: Атрымліваецца, што падстрахоўваюцца такім чынам, так?
Андрэй Лаўрухін: Канешне ж, яны добра разумеюць, што калі жыць наўпрост па Законе, то можна апынуцца на лаве падсудных. Таму трэба жыць па тых трактоўках, па тых інтэрпрэтацыях закона, якія яны даюць самі зараз. І якія навыкі палітычнай лаяльнасці павінны быць у іх нашчадкаў, якія прыйдуць потым на гэтае месца.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя