BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Андрэй Лаўрухін: Гэта сапраўдная мілітарызацыя дзяцінства

Госць Беларускага Радыё Рацыя — Андрэй Лаўрухін, намеснік прадстаўніка АПК па пытаннях адукацыі і навукі. Пагутарылі з ім пра тэндэнцыі апошніх год у беларускай дзяржаўнай адукацыі — мілітарызацыю школы і не толькі.

Андрэй Лаўрухін

РР: Пачаўся ў нас новы навучальны год і з’явіліся новыя факультатывы, у тым ліку там ёсць і кіраванне дронамі і вайсковы пераклад. Ці дарэчна ўвогуле гэта ў школьным узросце? Якія гэта можа мець наступствы?

Андрэй Лаўрухін: Зразумела, што гэтыя наступствы негатыўныя для псіхікі, тут ужо лепш псіхолагі нам скажуць. Гэта ўжо выходзіць за межы маіх кампетэнцый. Але ў прынцыпе так. Людзі, якія не маюць ніякай педагагічнай адукацыі, кампетэнцыі, людзі ў пагонах, яны не ведаюць спецыфікі псіхікі, тут безумоўна будуць траўматызаваныя дзеці.

Але пытанне ў тым: чаму гэта робяць? Менавіта таму, што зараз такая палітычная ўлада, яна падпарадкавана сілавікам, і рухаецца ў логіцы і ў сістэме матывацыяў сілавікоў. Сістэма адукацыі з’яўляецца, трактуецца і разумеецца зараз як інструмент палітычнай індактрынацыі. Па меркаванні сілавікоў, гэта павінна выглядаць менавіта так. Каб прыходзілі такія правераныя людзі ў пагонах і транслявалі ідэалогію, так як яны разумеюць, у тых формах і ў тым змесце, і каб «накачвалі» дзяцей на патрыятычны настрой.

А патрыятызм разумеецца таксама даволі прымітыўна. Перш за ўсё хлопцы павінны быць гатовыя ахвяраваць сваё жыццё, калі што, а жанчыны, нараджаць новых хлопцаў, каб яны таксама былі гатовыя ахвяраваць сваё жыццё. І ўсё, у прынцыпе. Астатняе – гэта ўсё дымавая завеса.

Чаму такая логіка? Менавіта таму, што вайскоўцаў і сілавікоў не навучаюць грамадзянскаму жыццю. І такая вось атрымліваецца сітуацыя, калі палітычныя сілы, палітыкі не стрымліваюць сілавікоў, а даюць ім адпаведнае месца. А калі яны ажыццяўляюць такую бескантрольную інтэрвенцыю ва ўсе галіны чалавечага жыцця – і ў адукацыю ў асаблівасці. Гэта такая сапраўдная мілітарызацыя дзяцінства.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя