Госць Рацыі – кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак. З ім паразмаўляў Стась Дадэрка пра эвакуацыю ў Літву журналісткі, палітзняволенай Ксеніі Луцкіной.

Фота: facebook Андрэя Стрыжака.
РР: У сераду вы пакінулі допіс «чакайце добрых навінаў». І сапраўды гэта спраўдзілася. Зранку мы ўсе прачыталі, што журналістка, палітзняволеная Ксенія Луцкіна паспяхова эвакуяваная з Беларусі. Ці можаце вы прывесці нейкія нюансы канкрэтнага гэтага кейсу? Наколькі лёгка было эвакуяваць Ксенію, улічваючы, што быў час у запасе, гэта відаць не было так тэрмінова, як з некаторымі іншымі былымі палітвязнямі?
Андрэй Стрыжак: Спецыфіка ў тым, што гісторыя Ксеніі дастаткова гучная, яна ў свой час працавала ў Белтэлерадыёкампаніі, гэта адна з любімых цацак Лукашэнкі. Улічваючы, што 2020 год шмат чаго памяняў у жыццях людей. У 20-м годзе на Белтэлерадыёкампаніі таксама быў «стачкам». Людзі пратэставалі, і калі вы памятаеце, дастаткова шмат іх сышло з працы, і з-за гэтага нават выпісвалі расейскіх спецыялістаў, каб яны рабілі прапагандысцкае тэлебачанне. Ясна, што гэта быў дастаткова складаны кейс праз тое, што падвышаная ўвага да чалавека.
РР: Так, Ксенія распавядала, што яна мусіла штодзённа адзначацца ў міліцыі ўвесь гэты час.
Андрэй Стрыжак: Гэта праўда. Да падобных катэгорый палітвязняў фактычна прымяняюцца такія ж умовы, як «хатняя хімія», а можа нават і горш. Гэта таксама штодзённыя праверкі, візіты міліцыянтаў сярод ночы. Так што гэта вельмі няпростая сітуацыя. Вельмі няпроста працаваць з такімі гісторыямі па эвакуацыі. Было некалькі момантаў у часе выезду, якія прымусілі, як я прасіў, трымаць пальцы крыжыкам, але вось усё атрымалася. На шчасце, сёння з раніцы мы з ёй пабачыліся. І яна ўжо пачала даваць інтэрв’ю.
РР: Так, Ксенія кажа, што вось зараз адчула сябе на волі. Але калі меркаваць па гэтых інтэрв’ю, якія апублікаваныя ў прыватнасці Беларускай Асацыяцый Журналістаў, яна ўсё ж такі не хоча раскрываць дэталі свайго знаходжання за кратамі, у адрозненні як гэта зрабіла Паліна Шарэнда-Панасюк. Не хоча распавядаць усё, каб не нашкодзіць тым, хто там застаўся.
Андрэй Стрыжак: Гэта глыбока персанальнае рашэнне. Кожны чалавек вырашае для сябе на колькі ён гатовы расказваць тыя ці іншыя падрабязнасці. У любым выпадку той досвед, які Ксенія там атрымала, і тое, што яна можа ўжо распавядаць зараз, выклікаюць пэўныя эмоцыі, і мы бачым гісторыю чалавека.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






