BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Андрэй Стрыжак: Мы вымушаны не паведамляць прозвішчы вызваленых палітвязняў

Рэжым цішыні. Ні праваабаронцы, ні дзяржаўныя СМІ па-ранейшаму не раскрываюць імёны вызваленых 3 ліпеня палітвязняў. Вядомае толькі адно імя – палітыка Рыгора Кастусёва, і толькі ён мае цяжкі стан здароўя – хворы на анкалогію. Адметна, што з 18-ці асоб, хто выйшаў на волю, толькі 4 жанчыны. Магчыма, таму, што за кратамі па палітычных матывах фізічна знаходзіцца больш мужчын.

Сітуацыю з бяспекай вызваленых каментуе праваабаронца і заснавальнік Фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак:

– Для нас саміх гэтая сітуацыя дзіўная, яна новая, усе разумеюць, што дзяржава дакладна ведае, каго яна вызваліла. Мы, як праваабаронцы, разумеем і ведаем, каго вызвалілі. Але тут з’яўляецца такі фактар, што публічна на гэтых прозвішчах на сённяшні дзень можна згуляць у дрэнную гульню для тых, хто выйшаў, праз тое, што ёсць практыка пераследу людзей, якія маюць кантакты з так званымі экстрэмісцкімі фарміраваннямі, якімі з’яўляюцца ўсе праваабарончыя структуры.

Тым не менш, Стрыжак мяркуе, што імёны вызваленых будуць з’яўляцца, бо не ўсе з іх маюць намер заставацца ўнутры Беларусі. Невыключна таксама, што дзяржаўныя СМІ апублікуюць гэты спіс першымі. Усяго па стане на 12 ліпеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1403 асобы, інфармуе ПЦ «Вясна». І гэтая лічба не ўлічвае вызваленых 3 ліпеня.

Беларускае Радыё Рацыя