Голасная эвакуацыя гэтага новага году, так кажа Кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак. Напярэдадні паведамлялася, што фонд салідарнасці эвакуяваў з Беларусі спявачку Мерыем Герасіменку, яна зараз знаходзіцца ў бяспецы. Беларусь таксама пакінулі ўладальнік бару «Банкі-бутылкі» і ягоная жонка. Андрэй і Марыя Жук цяпер знаходзяцца ў Варшаве.
А гэта вельмі сімвалічнае вызваленне вядомых беларусаў, заўважыў у нашым эфіры Андрэй Стрыжак – праца па эвакуацыі вядзецца літаральна штодня. З ім размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.
РР: Гэтыя людзі спазналі рэпрэсіі. Хачу сказаць, што выдатная навіна, але больш, напэўна, справядлівая. Вядома, што няшмат пра гэта можам расказваць, але нейкі каментар мае прагучаць у гэтай сітуацыі.
Андрэй Стрыжак: Насамрэч для нас гэта хіба першая такая голасная эвакуацыя гэтага года. Гэта не значыць, што ў нас дагэтуль яшчэ людзі не выязджалі, яны выязджаюць амаль штодня. За год адбываецца каля 220-250 кейсаў эвакуацыі. Кейс можа ўтрымліваць больш як аднаго чалавека, часта бываюць сем’і і людзі, якія едуць не адны.
Безумоўна, большасць з гэтых эвакуацый зусім непублічная, але часам бывае так, што мы можам пра іх расказаць. Вось я з радасцю дзялюся інфармацыяй пра тое, што яшчэ тры беларусы змаглі спыніць сваё адбыццё крымінальнага пакарання і апынуцца ў вольнай частцы гэтага свету. Асабліва важна тое, што гэта знакавыя беларусы. А Мерыем Герасіменка – гэта адзін з сімвалаў таго, што беларусы ўсё ж такі супраціўляюцца таму палітычнаму падыходу Лукашэнкі і ўцягванню Беларусі ў агрэсію супраць Украіны. Так што гэта для нас знакавая эвакуацыя.
РР: Яны былі прысуджаныя да хатняй хіміі. Мерыем Герасіменка за тое, што праспявала Вакарчука на знак салідарнасці з Украінай, менавіта ў Менску яна была затрыманая. Таксама рэпрэсіі спазнаў уладальнік бара “Банкі і бутэлькі”, дзе гэта адбылося. І ты напісаў у сацыяльных сетках, што было б вельмі сімвалічна, каб яна з Вакарчуком заспявала гэтую песню. Гэта паказала б вельмі шмат у стасунках Украіны і Беларусі. Мы кажам, што гэта такое сімвалічнае вызваленне з Беларусі. Калі ласка, прыгадай гэтую гісторыю. І чаму гэта было б сімвалічна і вельмі патрэбна.
Андрэй Стрыжак: Не толькі напісаў у сацыяльных сетках. Але ўжо вядзецца праца ў гэтым кірунку. Я не скажу, што песня ўжо запісваецца, я скажу толькі, што мы размаўляем з людзьмі, якія блізкія да Вакарчука. Паглядзім, я вельмі спадзяюся, што будзе хоць нейкая публічная рэакцыя. А яшчэ больш спадзяванняў маю на тое, што яна будзе публічнай пазітыўнай рэакцыяй. Але час пакажа, як гэта будзе, таму што ўсе мы разумеем, што беларуска-ўкраінскія стасункі на сёння – гэта вельмі складанае поле, шмат у чым міннае поле. Таму паглядзім наколькі Святаслаў пагадзіцца зрабіць нешта падобнае.
Мерыем Герасіменка — беларуская спявачка, якую затрымалі пасля канцэрта ў менскім бары «Банкі-бутылкі» на пачатку жніўня 2022 году. На канцэрце Мерыем Гера (творчы псеўданім) спявала песню вядомага ўкраінскага гурту «Океан Ельзи» «Обійми». Пасля ёй прысудзілі так званую «хатнюю хімію». Пад рэпрэсіі патрапіў і ўладальнік установы ды яго сям’я. Усе яны эвакуяваныя з Беларусі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя