BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Анджэй Пачобут – 52 месяцы ў палоне

Актывіст Саюза палякаў на Беларусі і вядомы журналіст з Гародні Анджэй Пачобут вось ужо 52 месяцы вымушаны знаходзіцца ў нечалавечых умовах у наваполацкай калоніі №1. У салідарнасць з ім, а таксама з тысячамі іншых палітычных вязняў на Беларусі ў Беластоку, пры помніку ксяндзу Ежы Папялушку, прайшла акцыя салідарнасці.

Гаворыць віцэ-старшыня Саюза палякаў на Беларусі – Марэк Занеўскі:

-Акрамя Анджэя, у Беларусі вельмі многа палітычных вязняў. На жаль, іх не становіцца меней. Дзякуй вам, што вы прыносіце сюды плакаты таксама іншых палітычных вязняў. Для нас гэта таксама вельмі важна, бо гэта акцыя не толькі для Анджэя, – гэта акцыя для ўсіх, хто пакутуе зараз у турмах Беларусі

Гарадзенец, сябра Анджэя Пачобута, актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Сяржук Верамеенка прыйшоў на акцыю з плакатам палітзняволенай Галіны Дзербыш, каб падтрымаць яе:

-Я сёння нездарма ўзяў плакацік з Галінай Дзербыш. Гэтая мужная жанчына была прыгаворана да 20 гадоў турмы. Утрымліваецца яна ў вельмі суровых умовах. Яна хварэе на рак, але яе вопратку прапускаюць праз рэнтген. Гэта робіцца адмыслова – гэта катаванні. Тое, што робяць з вязнямі, а фактычна з палоннымі, у лукашэнкаўскіх турмах, можна пабачыць па тых людзях, якіх нядаўна выпусцілі. Гэта сапраўдны здзек, гэта сапраўдныя катаванні, якія, на жаль, могуць прывесці да смерці.

Анджэй Пачобут быў арыштаваны ў Гародні 25 сакавіка 2021 года. У лютым 2023 года быў засуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Зараз знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу Наваполацкай калоніі №1.

Цалкам матэрыял:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя