Ігар Палынскі – музыка і журналіст, які ўжо больш за два гады жыве ў Польшчы. У сённяшнім выпуску перадачы “Беларусы 21-га стагоддзя” ён распавядзе пра родны Полацк, ад’езд з Беларусі, жыццё ў эміграцыі і планы на будучыню. З ім размаўляе Міхал Андрасюк.

РР: Тваё месца нараджэння – славуты, старажытны Полацк. Гэта мае ўплыў на далейшае жыццё, фармуе маладога чалавека?
Ігар Палынскі: Безумоўна, я лічу, што калі б не было ў маім жыцці Полацка, то я нават вырас бы іншым чалавекам. Полацк – гэта маё месца сілы, гэта горад, у які я адназначна вярнуся. Полацк – гэта горад, для якога я хачу вельмі шмат зрабіць. У мяне вельмі шмат ідэй, якія я не першы год выношваю ў сабе. Я працаваў у полацкіх медыя, я даволі добра ведаю асаблівасці рэгіёну. Мне здаецца, што я вельмі добра ўяўляю, чаго не хапае ў горадзе, і я спадзяюся, што ў мяне хопіць сілаў спрычыніцца да таго, каб Полацк сапраўды стаў тым цэнтрам, які намінальна лукашэнкаўская ўлада называе калыскай беларускай дзяржаўнасці, духоўнасці, цэнтрам Еўропы. Я вельмі хачу, каб ён сапраўды стаў цэнтрам.
РР: Як у тваім выпадку прымалася рашэнне пра ад’езд з Беларусі – як ад’езд на хвіліну, пасяджу, пачакаю і вярнуся, ці як ад’езд надоўга? А можа як ад’езд на заўсёды?
Ігар Палынскі: Шчыра скажу, было вельмі шмат слёз, мне вельмі складана было прыняць гэтае рашэнне, бо я разумеў, што ў той момант я мог з’ехаць толькі адзін, там заставалася мая сям’я, там заставалася мая жонка з дзецьмі. Мне давялося з’язджаць вельмі хутка аднаму з невялікай сумкай. З каштоўнага я забраў з сабой толькі адзін ноўтбук, як адзін з асноўных дапаможнікаў маёй працы. І я спачатку нават і не думаў, ці я надоўга з’язджаю, ці я там вярнуся неўзабаве. Гэта выглядала, як такое, тыпу, – зараз трэба галоўнае захавацца, там будзем глядзець. Але калі праз два дні пасля таго, як я з’ехаў з Беларусі, у маю рэдакцыю, дзе я працаваў, прыйшлі сілавікі, то я зразумеў, што рашэнне было правільнае і наўрад ці я змагу вярнуцца хутка. Я ўжо 2.5 гады ў Польшчы, я не чакаў, што гэта зацягнецца настолькі.
Перадачу “Беларусы 21-га стагоддзя” з Ігарам Палынскім слухайце сёння ў вечаровым эфіры Радыё Рацыя. Пачатак у 21.30 па беларускім, у 19.30 па польскім часе.
Беларускае Радыё Рацыя