Антаніна Канавалава – экс-палітвязынка, якая цяпер сама дапамагае былым зняволенным. Як каардынатарка фонду “Краіна для жыцця” актывістка заклікае далучацца да акцыі “Калядная пошта”, скіраванай на падтрымку як дзяцей, так і дарослых, у тым ліку і вызваленых у суботу, 13 снежня.
Пра падтрымку і жыццё за кратамі – у гутарцы Антаніны Канавалавай з нашай журналісткай Марынай Савіцкай.

РР: Адбылася хваля вызваленняў палітвязняў. Для вас асабіста наколькі яна была аптымістычна ўспрынятая альбо ўсё ж такі з сумам пра тых людзей, якія яшчэ застаюцца за кратамі?
Антаніна Канавалава: Я магу сказаць, што чакала спісаў вельмі доўга і спачатку было незразумела хто, таму што спачатку 25 чалавек, пасля 30. 40. І ты задаеш сабе пытанне: а дзе атсатнія? І незразумела выехалі ці не. Гэта, канешне, чаканне, і вось учора я толькі задумалася над тым, што я пабывала па той бок плоту і зараз я ўжо тут на свабодзе. І я разумею, што адчуваюць людзі там і я разумею цяпер, што адчуваюць людзі тут. І, канешне, без слёзаў не абышлося, таму што я вельмі рада, што такая вялікая колькасць родных убачаць сваіх родных і блізкіх людзей, гэта дорага каштуе.
РР: Патлумачце крыху глыбей, што адчуваюць людзі тут і там?
Антаніна Канавалава: Аднолькавае ў двух бакоў – гэта чаканне, чаканне з таго боку і чаканне з гэтага. Я магу сказаць, што яны аднолькавыя па пачуццях, якія адбываюцца ў цябе ўнутры. Таму што тут ты глядзеш прозвішчы, ёсць ці няма тваіх блізкіх людзей, тваіх сяброў, тваіх родных. А там ты чакаеш, ці будзеш ты наступны ці не будзеш, змогуць цябе забраць ці не. То бок там ты чакаеш сваё прозвішча. А тут ты чакаеш прозвишча свайго блізкага чалавека.
РР:: Як чалавек, які знаходзіцца на волі ўжо не першы месяц і пры гэтым ведае, што такое турэмнае жыццё, скажыце, калі ласка, чым мы цяпер можам дапамагчы тым, хто вызваліўся? Адкрытыя зборы – добра, а што далей?
Антаніна Канавалава: У першую чаргу гэта павінна быць падтрымка маральная. Так, зборы – гэта класна, і трэба падтрымліваць. Зборы на першыя неабходныя рэчы і зборы на разнастайныя шэлтары. Таксама трэба абавязкова размаўляць з людзьмі, трэба размаўляць і казаць пра тое, што мы побач і што мы ёсць. Гэта самыя такія важныя моманты.
РР: Як гэта трансляваць і ці не стомяцца гэтыя вызваленыя палітвязні ад таго, што шмат людзей ім незнаёмых будуць пісаць пра тое, што, спадарства, мы вас бачым, мы вас віншуем?
Антаніна Канавалава: Я магу сказаць па сваім выхадзе, па выхадзе тых, хто выйшаў раней – зараз, усе палітзняволеныя выходзяць зараджаныя, усім палітвязням трэба літаральна некалькі дзён адпачынку, і яны гатовыя ісці ў бой, гатовыя расказваць ці гатовыя трансляваць тое, што адбываецца ў беларускіх турмах і пры гэтым усяляк садзейнічаць, каб іншыя людзі тксама выходзілі. Таму я не думаю, што яны дзесьці перагараць ці скажуць: усё, адчапіцеся ад нас, мы не гатовыя і мы не хочам нічога рабіць. Проста кожны з нас розны – камусьці трэба мала часу, а камусьці крыху больш.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






