Беларускі фонд BySol праводзіць выплаты палітвязням, вызваленым у снежні. Аднак, як адзначыў піяр-менеджар ініцыятывы Антось Жукаў, не ўсе былыя зняволеныя выйшлі на сувязь з арганізацыяй, а ў некаторых застаюцца праблемы з легалізацыяй, што ўскладняе перадачу фінансавай падтрымкі беларусаў.
Падрабязней пра сітуацыю – у гутарцы Антося Жукава з нашай журналісткай Марынай Савіцкай.

РР: Фонд BySol уключыўся ў дапамогу гэтым 123-ці палітвязням у снежні. На якім этапе вось гэтая перадача грошай і ўвогуле падтрымка нашых былых зняволеных?
Антось Жукаў: Зараз мы знаходзімся на этапе размеркавання гэтых сабраных сродкаў. Дзякуючы беларусам мы сапраўды сабралі неверагодную колькасць грашовай падтрымкі для палітвязняў. Адзінае, што, безумоўна, вельмі і вельмі шмат праблем з перадачай гэтых грошай, у тым сэнсе, што рэжым Лукашэнкі проста не аддаў большасці людзей нават нейкія дакументы. Яны маюць вось гэтую незразумелую даведку з уклееным фота. З ёй, зразумела, вельмі складана адкрыць банкаўскі рахунак у Еўропе ці неяк легалізавацца. Таму ўзнікае шмат праблемаў, бо даволі складана вывесці сродкі на нейкую гатоўку дабрачыннай арганізацыі, патлумачыць гэта банку, патлумачыць, навошта нам увогуле выводзіць гэтыя грошы з рахунку. То бок тут шмат пытанняў да празрыстасці такой працэдуры, таму, безумоўна, узнікае вось гэтая праблема. Але я спадзяюся, што ў самы бліжэйшы час атрымаецца вырашыць гэтае пытанне.
РР: Гэтым разам, як і папярэднім, была перавышаная сабраная сума на падтрымку палітвязняў. Наколькі гэтым разам для вас такі крок, такое развіццё падзей было чаканым? Таму што зразумела, калі гэта першая хваля, калі для людзей яшчэ нешта незвычайнае, але зараз усё больш і больш людзей сыходзіць.
Антось Жукаў: Шчыра, былі на пачатку хіба некаторыя сумневы, ці атрымаем, усё ж такі сума была даволі вялікая, але мы пабачылі проста фантастычную хвалю салідарнасці, і на сёння, мне здаецца, гэта лагічна, што ўсё ж такі выйшлі вельмі важныя асобы для падзеяў 2020 года, якіх усе памятаюць, любяць. Такія, як Маша Калеснікава, напрыклад.
Ёсць некаторыя перасцярогі, мы маем надзею, што выйдзе яшчэ прыкладна каля 1000 палітвязняў. І, здаецца, там будзе нашмат менш медыйных асобаў, якіх усе ведаюць. Тут мы больш баімся, таму што сума будзе яшчэ большая, а людзей з такім медыйным бэкграўнтам, вядомых будзе менш. Але, безумоўна, мы зробім усё, каб і гэтым людзям дапамагчы зрабіць усё магчымае, каб яны адчувалі сябе прынамсі крыху лепш, калі іх зноў выкінуць, як мінулую партыю людзей.
РР: Ці аналізавалі вы, як змяніўся збор, як людзі данацілі, калі праходзілі ўсе гэтыя прэс-канферэнцыі, да прыкладу ва Украіне? Заявы некаторых спікераў выклікалі сумненні і нават раздражненні ў беларусаў і г.д. Ці памяншаліся ў такія перыяды данаты?
Антось Жукаў: Я б сказаў, што не, гэта не мела нейкага такога ўплыву. Мне здаецца, што ўсё ж такі пераважала вось гэтая эмоцыя, што нарэшце выйшлі людзі на свабоду. Мне падаецца, што хіба варта казаць пра тое, што ў людзей, якія там рабілі заявы, і выклікалі сумневы, у іх таксама ёсць свая аўдыторыя. І мне падаецца, што для гэтай аўдыторыі гэтыя заявы былі блізкія ці яны прынамсі не выклікалі нейкіх сумневаў.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






