Анжаліка Борыс больш не займае пасаду старшыні Саюза палякаў Беларусі і цяпер працуе дырэктаркай школы польскай мовы «Палоніка плюс». У інтэрв’ю «СБ. Беларусь сёння» яе назвалі былой кіраўніцай незарэгістраванага аб’яднання.

Борыс адзначыла, што цяпер у школе больш за 400 дзяцей вывучаюць польскую мову, а па ўсёй краіне іх больш за 3000, і ўсе праграмы ўзгоднены з аддзелам адукацыі Гарадзенскага гарвыканкама.
Яна запэўніла, што ў Беларусі няма дыскрымінацыі палякаў, усе касцёлы адчыненыя, дзеці вывучаюць польскую мову, а нацыянальныя абрады і мерапрыемствы праводзяцца свабодна. Таксама Борыс адзначыла, што ад закрыцця дзяржаўнай мяжы перш за ўсё церпяць простыя людзі, а не ўлады.
Нагадаем, раскол у Саюзе палякаў адбыўся ў 2005 годзе, калі Борыс была абрана старшынёй не прызнанага ўладамі саюза. У 2021 годзе яна была затрыманая і абвінавачаная ў падштурхоўванні да варожасці, але ў 2023 годзе справу спынілі за адсутнасцю складу злачынства.





