BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Апошні ўзровень»

У першы год поўнамаштабнай вайны Прэзідэнт Зяленскі абвясціў новы праект падтрымкі людзей – “Пункты нязломнасці”.  Іх сутнасць палягае ў стварэнні кругласутачных і бясплатных асяродкаў бяспекі на тэрыторыі Украіны падчас масавых абстрэлаў інфраструктуры. У іх людзі могуць знайсці святло, цяпло, ваду, доступ да інтэрнэту і сувязь. Такія пункты дзейнічаюць не толькі пры адміністрацыйных будынках, але таксама існуюць у форме мабільных намётаў.

Расейскія паблікі адразу ж узяліся кпіць з назвы і перайначваць яе на «пункты бяздарнасці» ці «пункты бяздапаможнасці». Маўляў, занадта шмат пафасу, а насамрэч  – толькі піяр улады. З’явіліся і так званыя «жыццёвыя выпадкі»: у Кіеве пункт-палатка згарэў дашчэнту, бо там абжыліся бяздомныя алкаголікі, а ў Харкаве некалькі чалавек загінулі, атруціўшыся чадным газам ад генератара. Расейская медыяпрастора падмяніла прычыну наступствам і прадставіла пункты не як адказ на ўдары па інфраструктуры, а як нібыта сведчанне неэфектыўнасці дзяржавы і правал Украіны.

Безумоўна, гэта стала чарговым элементам інфармацыйнай вайны і ўнутранай прапаганды – “у нас жа цёпла і ёсць святло без усялякіх пунктаў”. Так стваралася адчуванне перавагі і дабрабыту. І, галоўнае, каб нікому ў галаву не прыйшла здаровая думка: хто ж вінаваты. Сёння многія ўкраінскія гарады пагружаныя ў блэкаўт, і «Пункты нязломнасці» – рэальнае выратаванне жыццяў, а не толькі месцы, дзе можна сагрэцца. Для людзей, якія карыстаюцца электрычна залежнай медыцынскай апаратурай, гэта непасрэдная ўмова выжывання; для маці з немаўлятамі – магчымасць пазбегнуць пераахаладжэння і абязводжання; для людзей з вострымі панічнымі станамі – шанец не адчуць небяспечную камбінацыю «холад-цемра-адсутнасць сувязі-сірэна-выбухі».

Цікава, ці зразумее “широкая русская душа” тых, хто будуе “Пункты нязломнасці” для вулічных жывёл? Дзе камусьці апошні ўзровень абароны, іншаму – вяршыня цынізму.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя